Расія павялічвае пастаўкі нафты і газу сваім «надзейным партнёрам» па ўсім свеце, але гатова супрацоўнічаць з ЕС «без палітыкі», заявіў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін на нарадзе 9 сакавіка, паведамляе прэс-служба Крамля.
Пуцін адзначыў, што маршрут паставак нафты праз Армузскі праліў цяпер закрыты, а поўнае перанакіраванне блізкаўсходняй нафты на іншы маршрут у дадзены момант нерэальнае.
«Здабыча нафты, якая завязаная на выкарыстанне праліва, рызыкуе поўнасцю спыніцца ўжо ў найбліжэйшы месяц. Яна ўжо пачала скарачацца, а сховішчы ў рэгіёне запаўняюцца нафтай, якую ніяк не вывезці, або вельмі складана вывезці, або вельмі дорага вывозіць», — заявіў Пуцін.
Такая ж сітуацыя складваецца і на газавым рынку. Краіны Блізкага Усходу скарацілі здабычу газу з-за праблем з пастаўкамі, цана газу расце.
Пуцін чакае «новую ўстойлівую цэнавую рэальнасць» у сувязі са змяненнем балансу попыту і прапановы на энергетычным рынку. Ён прапанаваў расійскім кампаніям скарыстацца выпадкам.
«Гэта непазбежна адбудзецца, таму расійскім энергетычным кампаніям важна выкарыстаць бягучы момант, у тым ліку для таго, каб дадатковую экспартную выручку накіраваць на зніжэнне сваёй даўгавой нагрузкі, запазычанасці перад айчыннымі банкамі», — лічыць Пуцін.
Расійскі прэзідэнт заявіў, што Масква працягне пастаўляць нафту і газ «надзейным контрагентам» у Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне, а таксама Венгрыі і Славакіі, і прапанаваў спыніць экспарт энергарэсурсаў у ЕС.
«Мы павялічваем пастаўкі нашым надзейным партнёрам, прычым адразу ў некалькіх рэгіёнах свету. Разам з тым хачу нагадаць, што краіны Еўрапейскага саюза плануюць з 25 красавіка ўвесці дадатковыя абмежаванні на куплю расійскіх вуглевадародаў, у тым ліку звадкаванага прыроднага газу, аж да поўнай забароны такіх паставак у 2027 годзе.
У гэтай сувязі перад урадам ужо была пастаўлена задача ацаніць магчымасць і мэтазгоднасць спынення паставак нашых энергарэсурсаў на еўрапейскі рынак, не чакаць, пакуль перад намі дэманстратыўна зачыняць дзверы, а зрабіць гэта ўжо цяпер і адвесці гэтыя аб’ёмы з еўрапейскага рынку на больш цікавыя напрамкі, ну і замацавацца там, што самае галоўнае», — заявіў Пуцін.
Прэзідэнт РФ адзначыў, што калі еўрапейскія кампаніі будуць згодныя купляць расійскія нафту і газ «без палітыкі», то Расія гатова да супрацоўніцтва з імі.
«Калі еўрапейскія кампаніі, еўрапейскія пакупнікі раптам вырашаць пераарыентавацца і забяспечаць нам доўгатэрміновую, устойлівую сумесную працу, пазбаўленую палітычнай кан’юнктуры, — калі ласка, мы ж ніколі не адмаўляліся, мы гатовы працаваць і з еўрапейцамі. Але нам патрэбныя нейкія сігналы ад іх, што яны гатовыя і таксама хочуць працаваць і забяспечаць нам гэтую ўстойлівасць і стабільнасць», — заявіў Пуцін.
