Прэтэнзіі сілавікоў да Zrobim architects звязаны з ухіленнем ад выплаты падаткаў. Пра гэта расказалі на тэлеканале СТБ. Нагадаем, нядаўна ў архітэктурным бюро праводзіліся ператрусы і затрыманні.
Як вынікае з сюжэта, паказанага па тэлебачанні, увагу Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК прыцягнулі ў тым ліку “падазрона нізкія” даходы кампаніі і заробкі работнікаў, хаця яна пазіцыянавала сябе як бюро прэміум-класа і выконвала заказы па ўсім свеце.
“Праведзеным комплексам аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў устаноўлена, што значная частка выручкі, атрыманая ад аказання паслуг, не адлюстроўвалася ў бухгалтарскім уліку арганізацыі. Каб не пакідаць слядоў, службовыя асобы таварыства асабіста дамаўляліся з заказчыкамі паслуг аб правядзенні аплат як наяўнымі грашовымі сродкамі, так і з выкарыстаннем крыптавалюты. Пры гэтым кашалькі ствараліся фігурантамі на біржах, якія афіцыйна не зарэгістраваны ў Рэспубліцы Беларусь”, – гаворыць у сюжэце ананімны аператыўны супрацоўнік ДФР.
У ім таксама гаворыцца, што значную частку заробку супрацоўнікі атрымлівалі без адлюстравання ў бухгалтарскім уліку, нібыта для гэтага быў арандаваны асобны офіс. У сюжэце таксама прыводзяцца паказанні некаторых неназваных работнікаў. Аўтары матэрыялу заяўляюць, што “ў канвертах” выплачвалася не менш за 60% заробкаў.
Сцвярджаецца, што адзін з заснавальнікаў бюро знаходзіцца за мяжой. Сродкі ўкладваліся ў нерухомасць у Беларусі, Польшчы, Тайландзе, ЗША. Другі сузаснавальнік Андрэй Макоўскі знаходзіцца пад следствам і дае прызнальныя паказанні.
“Мяне завуць Андрэй Макоўскі, я беларускі архітэктар, заснавальнік архітэктурнага бюро. Я хацеў бы папярэдзіць, напэўна, прадпрымальнікаў далей ад такіх дзеянняў. Таму што сам шчыра разумею, што ў пагоні за нейкім заробкам хочацца, напэўна, трымаць узровень даходу, павышаць яго і гэтак далей. Але ніколі не думаеш пра зваротны бок гэтага пытання. Падаткі ў нас насамрэч не такія высокія ў параўнанні, можа, з еўрапейскімі нават краінамі. І іх трэба проста плаціць”, – сказаў у сюжэце Андрэй Макоўскі.
У ім таксама гаворыцца, што ва ўліку бюро не была адлюстравана сума больш за 6 млн долараў. Шкода для бюджэту ацэнена ў суму больш за 5 млн рублёў.
Начальнік упраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК па Мінскай вобласці і Мінску Дзмітрый Дзягілеў у сюжэце таксама кажа, што сфарміраваны спісы суб’ектаў гаспадарання, якія аказваюць паслугі па праектаванні і па якіх маюцца прыкметы недаплаты падаткаў у бюджэт. У бліжэйшы час яны будуць адпрацоўвацца.
