Праваабарончы цэнтр «Вясна» вітае вызваленне палітвязняў

Навіны

Праваабарончы цэнтр «Вясна» прывітаў вызваленне Алеся Бяляцкага, Уладзіміра Лабковіча і іншых беларускіх палітычных зняволеных.

У арганізацыі заявілі, што гэтая падзея стала вынікам доўгіх, паслядоўных і прынцыповых намаганняў беларускага грамадства, міжнароднай дэмакратычнай супольнасці, міжнародных арганізацый, а таксама дыпламатыі ЗША і еўрапейскіх краін, якія на працягу многіх гадоў звярталі ўвагу на незаконнае пазбаўленне волі праваабаронцаў, журналістаў і актывістаў у Беларусі.

“Алесь Бяляцкі — заснавальнік «Вясны», праваабаронца, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, чалавек, чыё імя непарыўна звязана з абаронай чалавечай годнасці, свабоды і салідарнасці ў Беларусі. Яго вызваленне мае велізарнае значэнне не толькі для праваабарончай супольнасці і грамадства краіны, але і для ўсіх, хто працягвае змагацца за правы чалавека ва ўмовах рэпрэсій. Гэта пацвярджэнне таго, што міжнародная салідарнасць, ціск і прынцыповая пазіцыя дэмакратычных дзяржаў здольныя прыносіць рэальныя вынікі. Гэта магчымасць для аднаўлення ўнутранага дыялогу ў Беларусі”, — заявілі праваабаронцы.

Паводле слоў аўтараў, радасць ад вызвалення Алеся Бяляцкага не можа зацямніць той факт, што больш за тысячу беларускіх палітычных зняволеных, у тым ліку члены «Вясны» Марыя Рабкова і Валянцін Стэфановіч, па-ранейшаму застаюцца за кратамі, падвяргаючыся ціску, абмежаванню правоў і ізаляцыі. Кожны дзень пазбаўлення волі для гэтых людзей працягвае быць парушэннем фундаментальных правоў чалавека.

«Вясна» заклікае ўлады Беларусі неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітвязняў, спыніць крымінальны і адміністрацыйны пераслед па палітычных матывах і стварыць умовы для аднаўлення вяршэнства права і асноўных свабод.

Праваабаронцы выказалі падзяку ўрадам дэмакратычных краін, дыпламатам, міжнародным арганізацыям, праваабарончым сеткам і ўсім, хто праяўляў настойлівасць і салідарнасць на працягу гэтых гадоў. У арганізацыі заклікалі працягваць працу па абароне правоў чалавека і дамагацца свабоды для кожнага, хто быў пазбаўлены яе за свае перакананні.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.

Апошнія навіны