Польшча будзе прызнаваць часовае пасведчанне асобы замежніка дакументам для адкрыцця банкаўскіх рахункаў

Галоўнае
Фото: t.me/CabinetBelarus

Польская камісія фінансавага нагляду паведаміла, што банкам ужо накіравана інфармацыя аб неабходнасці прызнання часовага пасведчання асобы замежніка ў якасці дакумента, які пацвярджае асобу пры адкрыцці рахункаў. Асобныя банкі ўжо пачалі адкрываць рахункі на падставе гэтага дакумента, паведамляе прэс-служба АПК.

Пытанне абмяркоўвалася на рабочай сустрэчы намесніка кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Паўла Латушкі і кіраўніка прававой камісіі Каардынацыйнай рады Міхаіла Кірылюка з кіраўніцтвам Камісіі фінансавага нагляду Польшчы (KNF) і прадстаўніком галоўнага інспектара фінансавай інфармацыі Міністэрства фінансаў Польшчы. У ёй таксама ўдзельнічаў прадстаўнік Генеральнага інспектара фінансавай інфармацыі польскага Міністэрства фінансаў.

На сустрэчы ішла гаворка пра праблемы банкаўскага абслугоўвання беларусаў у Польшчы, у тым ліку былых палітвязняў і асоб, якія чакаюць міжнароднай абароны, людзей у працэсе легалізацыі знаходжання, а таксама грамадзян з пратэрмінаванымі або адсутнымі пашпартамі. Польскаму боку былі прадстаўлены больш за 40 канкрэтных выпадкаў, сабраных праз чат-бот НАУ і Беларускую асацыяцыю палітвязняў «Да Волі».

Латушка праінфармаваў польскі бок пра тое, што беларусы сутыкаюцца з адмовамі ў адкрыцці рахункаў, абмежаваннямі ў выкарыстанні мабільнага банкінгу і блакіроўкай сродкаў. Польскія рэгулятары паабяцалі пачаць унутрыведамасныя працэдуры па ўзгадненні магчымых рашэнняў з Упраўленнем па справах замежнікаў, Міністэрствам унутраных спраў і Нацыянальнай падатковай адміністрацыяй.

Камісія фінансавага нагляду Польшчы паведаміла, што па выніках папярэдняй камунікацыі НАУ з KNF польскім банкам ужо даведзена інфармацыя аб неабходнасці прызнання часовага пасведчання асобы замежніка (TZTC) у якасці дакумента, які пацвярджае асобу. На дадзены момант банкі завяршаюць адаптацыю ўнутраных працэдур, у тым ліку праграмнага забеспячэння, для практычнага прымянення пры абслугоўванні грамадзян Беларусі. Паводле наяўнай інфармацыі, асобныя банкі ўжо пачалі адкрываць рахункі на падставе TZTC.

НАУ таксама накіруе звароты ў нацыянальную падатковую адміністрацыю і паўторна ў Еўрапейскую камісію па пытанні тлумачэння санкцый ЕС, якія ўплываюць на выкарыстанне мабільнага банкінгу беларусамі на тэрыторыі Еўрасаюза.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.