У Пентагоне адмовіліся каментаваць інфармацыю пра дыскусію, прысвечаную пашырэнню ядзернага стрымлівання ў Еўропе, якая днямі з’явілася ў СМІ. Пра гэта паведамляе PAP.
Амерыканскае ведамства «не каментуе паведамленні СМІ або здагадкі пра патэнцыйныя рашэнні адносна разгортвання войскаў».
«Злучаныя Штаты і НАТА пастаянна ацэньваюць сітуацыю ў сферы бяспекі і прымаюць неабходныя крокі для падтрымання надзейнага, эфектыўнага і вартага даверу фактару стрымлівання», — цытуе польскае агенцтва прадстаўніка Пентагона.
Днямі Financial Times напісала пра тое, што ЗША разглядаюць магчымасць пашырэння сваёй ядзернай праграмы ў Еўропе. Цяпер амерыканская ядзерная зброя знаходзіцца ў шасці краінах. Паводле інфармацыі газеты, абмяркоўваецца павелічэнне колькасці краін, у якіх будуць базавацца самалёты, здольныя несці ядзерную зброю. Пры гэтым Польшча і краіны Балтыі выказваюць зацікаўленасць у стварэнні падобнай інфраструктуры.
У аўторак міністр абароны Літвы Робертас Каўнас пацвердзіў, што такія перамовы пачаліся.
У сераду намеснік міністра абароны Польшчы Павел Залеўскі таксама пракаментаваў сітуацыю. Паводле яго слоў, перамовы пра размяшчэнне ядзерных боегаловак у Польшчы не вядуцца, але яны датычацца «стварэння лепшых умоў для ядзернага стрымлівання і таго, каб Польшча адыграла ў гэтым значную ролю».