Пашынян заявіў пра намер рухацца ў ЕС

Навіны
Фото: Арменпресс

Прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян заявіў пра намер краіны рухацца да сяброўства ў Еўрапейскім саюзе. Паводле яго слоў, Арменія будзе заставацца ў ЕАЭС, пакуль гэта будзе магчыма, а ў далейшым жыхары краіны зробяць выбар на рэферэндуме.

“Ці хочам мы стаць паўнапраўным членам ЕС? Так, безумоўна і безагаворачна. Як мы гэта сабе ўяўляем? Мы падводзім вынікі, і досвед папярэдняга перыяду паказаў, што ніводная краіна не прымаецца ў ЕС па геапалітычных ці іншых меркаваннях мэтазгоднасці. Для гэтага існуе вельмі важная і неабходная ўмова: краіна павінна аб’ектыўна адпавядаць стандартам ЕС як мінімум на 97, 98, 99 працэнтаў. Наша стратэгія такая: мы павінны вельмі цвёрда і дакладна ісці шляхам ператварэння Арменіі ў краіну, якая адпавядае стандартам ЕС”, — сказаў Пашынян, перадае “Арменпрэс”.

Паводле яго слоў, калі Арменія будзе адпавядаць стандартам Еўрапейскага саюза, тады і настане час прымаць рашэнне. Пашынян лічыць, што пры такой тактыцы яго краіна не прайграе: яна альбо стане членам Еўрапейскага саюза, альбо не ўвойдзе ў яго, але будзе сучаснай дзяржавай, якая адпавядае еўрапейскім стандартам. Пры гэтым пакуль Ерэван не мае намеру адмаўляцца ад Еўразійскага эканамічнага саюза.

“Наступны нюанс заключаецца ў тым, што мы разумеем: мы не можам быць адначасова членам ЕС і членам ЕАЭС. Але цяпер вымалёўваецца іншая рэальнасць — яшчэ ёсць месца для абодвух шляхоў і для сяброўства ў ЕАЭС. І сёння мы знаходзімся ў гэтай прасторы. Мы выразна заяўляем, што ідзём гэтым шляхам.

Мы з’яўляемся членам ЕАЭС, а гэта значыць, што ў гэтым пытанні няма несумяшчальнасці. Таму пакуль магчымая сумяшчальнасць, мы будзем заставацца членам ЕАЭС. Калі сумяшчальнасць стане немагчымай, мы разам з грамадзянамі Арменіі прымем рашэнне, якое будзе зыходзіць са свабоднага выяўлення волі народа Рэспублікі Арменія”, — сказаў ён.

Пашынян таксама пракаментаваў заяву Арменіі і ЗША аб рэалізацыі так званага “маршруту Трампа”.

«Відавочна, што адкрытыя пытанні, якія датычыліся праекта TRIPP і існавалі пасля прыняцця Вашынгтонскай дэкларацыі 8 жніўня, атрымліваюць адказы, і вельмі важна, каб у нас была формула, якая цалкам задаволіць і павінна задаволіць Арменію, натуральна, цалкам задаволіць ЗША і, на мой погляд, таксама Азербайджан. Канешне, яны адрэагуюць, паглядзім, і, па сутнасці, гэта дае зялёнае святло для ўсталявання доўгатэрміновага і стабільнага міру ў рэгіёне», — падкрэсліў ён.

Пашынян чакае, што ў выніку ў рэгіён прыйдуць буйныя інвестыцыі. Ён таксама выказаўся за ўдзел у праекце ЕС.

«Цяпер нам трэба падумаць пра далейшыя крокі. Відавочна, што цяпер у наш рэгіён пацякуць вялікія інвестыцыі і вялікія грошы, і гэта вельмі добрая навіна. Таксама відавочна, які ўдзел будуць мець Злучаныя Штаты. Я думаю, што нам варта таксама падрабязна абмеркаваць з нашымі партнёрамі з ЕС фарматы ўдзелу Еўрапейскага саюза і канкрэтныя праекты, якія нас вельмі цікавяць», — сказаў ён.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.

Апошнія навіны