Двух падлеткаў са Смаргоні судзілі паводле артыкула аб злосным хуліганстве за тое, што яны збілі свайго знаёмага і знялі з ім «пакаяннае» відэа.
Згодна з матэрыяламі справы, 4 жніўня 2025 года нецвярозыя падлеткі 16 і 17 гадоў «праявілі п’яную удаль і нічым не апраўданую агрэсію» ў адносінах да 15-гадовага жыхара Смаргоні.
17-гадовы абвінавачаны схапіў пацярпелага рукой за горла і ўдарыў яго ў жывот. Затым абодва абвінавачаныя схапілі 15-гадовага падлетка пад рукі і завялі ў падвал. Там яны білі яго рукамі і нагамі і нанеслі не менш за 18 удараў, у тым ліку па галаве. Пасля гэтага пацярпелага прымусілі стаць на калені і папрасіць прабачэння, паведамляе пракуратура Гродзенскай вобласці.
Яшчэ адзін чалавек здымаў усё гэта на тэлефон. Змантаванае відэа апублікавалі ў закрытай супольнасці ў Telegram.
16-гадовага і 17-гадовага падлеткаў абвінавацілі ў злосным хуліганстве з ужываннем насілля, якое адрозніваецца па сваім змесце выключным цынізмам. Старэйшы з абвінавачаных атрымаў 2 гады «хатняй хіміі», малодшы — 2 гады ў спецыяльнай выхаваўчай установе. Прысуд не ўступіў у сілу і можа быць абскарджаны.
