У Пінску выявілі хакера-вымагальніка, які заражаў камп’ютары шкоднаснай праграмай і патрабаваў грошы за аднаўленне доступу да дадзеных. Яго асобу ўдалося ўстанавіць супрацоўнікам падраздзяленняў па барацьбе з кіберзлачыннасцю Брэсцкай вобласці.
Ім аказаўся 17-гадовы мясцовы жыхар. Па інфармацыі МУС, падлетак распрацаваў траян-вымагальнік. Пасля заражэння праграма шыфравала файлы, а пры перазагрузцы камп’ютара рабіла немагчымым запуск аперацыйнай сістэмы. На экране з’яўлялася паведамленне з патрабаваннем перавесці грошы за «разблакіроўку» прылады.
Следчыя ўзбудзілі крымінальную справу. На дадзены момант вядома як мінімум пра дзесяць пацярпелых — гэта як прыватныя асобы, так і арганізацыі. Праца па ўстанаўленні ўсіх эпізодаў злачыннай дзейнасці працягваецца.
