У Варшаве 30 мая адбылося адкрыццё новага дома шэлтара «Прытуляй мяне». Фонд «Прытуляй мяне» дапамагае беларусам, якія апынуліся ў цяжкай сітуацыі ў Варшаве. Яго заснавалі палітычная ўцякачка Ганна Федаронак і былая палітзняволеная Алеся Буневіч.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Святлана Ціханоўская, яе намеснік Павел Латушка, прадстаўнікі кааліцыі «Латушка і Рух “За Свабоду”» ў Каардынацыйнай радзе, прадстаўнікі праваабарончых арганізацый і грамадзянскай супольнасці, дзеячы культуры.
Лідарка дэмсіл выказала падзяку камандзе фонду, валанцёрам і партнёрам, польскаму ўраду і МЗС Польшчы за падтрымку беларусаў на працягу ўсіх гадоў.
«Утульнасць — яна ідзе перш за ўсё ад вас і той атмасферы, якую вы ствараеце ў вашых шэлтарах. Я б хацела вельмі падзякаваць вашай камандзе, якая шмат працуе, каб кожны беларус, які трапляе сюды ў цяжкіх абставінах, адчуваў сябе ўтульна і як дома.
Я ведаю, колькі намаганняў для гэтага трэба. І вось вы тлумачылі, што сітуацыі бываюць розныя, але вы — прыклад таго, што можна не апускаць рукі нават у самых цяжкіх умовах. І, вядома, фонд «Прытуляй мяне» за гэты час ужо стаў домам і такой надзейнай апорай для вялікай колькасці людзей. І я жадаю вам росквіту, усяго найлепшага, вам здароўя, сіл», — сказала яна.
Падтрымаць фонд можна па спасылцы.







