Нацбанк не плануе значных зменаў у працэнтнай палітыцы, але дапускае зніжэнне стаўкі рэфінансавання. Пра гэта заявіў старшыня праўлення Нацыянальнага банка Раман Галоўчанка пасля пасяджэння, на якім былі зацверджаныя асноўныя напрамкі грашова-крэдытнай палітыкі на 2026 год.
“Для захавання цэнавай стабільнасці мы будзем, вядома ж, кантраляваць рост грашовай прапановы. На гэта звяртаў увагу і кіраўнік дзяржавы. Таму з боку Нацыянальнага банка будуць задзейнічаныя ўсе наяўныя ў распараджэнні для гэтага інструменты. Важна адзначыць, што грашовая прапанова павінна фарміравацца на ўзроўні, які забяспечвае як устойліва нізкую інфляцыю, так і задавальненне плацежаздольнага, падкрэсліваю, попыту эканомікі на грошы. Паводле нашых ацэнак, грашовая маса павялічыцца ў наступным годзе на ўзроўні 10–12%.
Таксама не плануецца значных зменаў у працэнтнай палітыцы. Працэнтныя стаўкі, мы разлічваем, застануцца каля цяперашніх узроўняў. Пры гэтым, калі фактычна інфляцыя будзе запавольвацца хутчэй, чым у нашым прагнозе, мы не выключаем і дзеянняў па зніжэнні стаўкі рэфінансавання і, адпаведна, працэнтных ставак па крэдытах і дэпазітах. Але зноў жа падкрэсліваю — усё будзе залежаць ад рэальнай сітуацыі, якая складваецца”, — сказаў ён.
Ён таксама нагадаў асноўныя параметры грашова-крэдытнай палітыкі на наступны год: інфляцыя не вышэй за 7%, золатавалютныя рэзервы не ніжэй за 9,2 млрд долараў, доля праблемных актываў — не больш за 10% ад усіх актываў, схільных крэдытнаму рызыку. Каэфіцыент даступнасці плацежнай сістэмы — не менш за 99,8%. Прырост інвестыцыйнага фінансавання — не менш за 13%.
Галоўчанка дадаў, што падтрыманне золатавалютных рэзерваў будзе вынікам сумеснай працы Нацбанка і Мінфіна.
“Прадугледжваецца, што Міністэрства фінансаў зможа рэфінансаваць частку валютнага доўгу. Але, з іншага боку, Нацыянальны банк будзе набываць валюту на ўнутраным рынку пры ўмове, што эканоміка зможа згенераваць дастатковы ўзровень яе чыстага прытоку ў краіну. Курс беларускага рубля застанецца плаваючым, то-бок па-ранейшаму будзе залежаць выключна ад попыту і прапановы валюты на ўнутраным рынку”, — сказаў ён.
Нацыянальны банк працягне рэгуляваць дзейнасць банкаў, фінансавых інстытутаў, забяспечваць бесперабойную працу плацежных сістэм. У цэнтры ўвагі застанецца падтрыманне якасці крэдытнага партфеля банкаў і небанкаўскіх арганізацый, іх праца па зніжэнні праблемнай запазычанасці.
Таксама напрамкамі дзейнасці Нацбанка будуць меры па інфармацыйнай бяспецы, папярэджанні махлярства, абароне правоў спажыўцоў фінансавых паслуг, павышэнні фінансавай граматнасці.