На Кіпры раптоўна памёр расійскі дыпламат. За дзень да гэтага знік Баумгертнер

Навіны
Фото: Russian Embassy in Cyprus

8 студзеня 2026 года пайшоў з жыцця супрацоўнік расійскага пасольства А.В. Панаў. Такое паведамленне з’явілася ў акаўнтах сацыяльных сетак дыпламатычнага прадстаўніцтва РФ на Кіпры.

“Яго смерць з’яўляецца глыбока асабістай трагедыяй для яго родных і блізкіх. Сям’і памерлага аказана ўся неабходная дапамога і падтрымка. Ва ўзаемадзеянні з кампетэнтнымі органамі Кіпра Пасольства займаецца пытаннямі як мага хутчэйшай рэпатрыяцыі яго цела на Радзіму”, — гаворыцца ў паведамленні.

Паводле паведамленняў кіпрскіх СМІ, высокапастаўлены прадстаўнік пасольства Расійскай Федэрацыі ў Нікасіі быў знойдзены мёртвым у сваім кабінеце каля поўдня ў чацвер, 8 студзеня 2026 года. Як паведамляецца, улады былі апавешчаныя толькі праз некалькі гадзін.

Калі супрацоўнікі паліцыі прыбылі ў пасольства, ім не дазволілі ўвайсці ў будынак. Цела расійскага дыпламата пазней было перададзена паліцыі ва ўнутраным двары пасольства. Праваахоўным органам не было дазволена правесці агляд на месцы.

Пасольства Расіі праінфармавала кіпрскія ўлады, што смерць наступіла ў выніку самагубства. Таксама паведамлялася, што расійскі пасол нібыта пакінуў ліст, які, паводле звестак пасольства, будзе накіраваны наўпрост у Маскву і не будзе перададзены кіпрскаму боку.

Міністэрства замежных спраў Кіпра было апавешчана аб інцыдэнце, а службы бяспекі Рэспублікі Кіпр уважліва адсочваюць развіццё сітуацыі. Судова-медыцынская экспертыза запланаваная на раніцу панядзелка і, як чакаецца, дазволіць праліць дадатковае святло на прычыну смерці.

Адначасова кіпрскія ўлады расследуюць знікненне расійскага бізнесмена Уладзіслава Баумгертнера, які знік у Лімасоле 7 студзеня — за дзень да выяўлення цела дыпламата ў пасольстве Расіі.

Баумгертнер, 56 гадоў, былы кіраўнік кампаніі «Уралкалій», дагэтуль не знойдзены, нягледзячы на маштабныя пошукавыя аперацыі. Апошні сігнал яго мабільнага тэлефона быў зафіксаваны ў аддаленым прыбярэжным раёне, пры гэтым неспрыяльныя ўмовы надвор’я ўскладняюць пошукі.

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.

Апошнія навіны