Міністэрства замежных спраў Літвы заявіла, што не атрымлівала ад Беларусі афіцыйнай прапановы аб правядзенні сустрэчы на ўзроўні намеснікаў міністраў або іншым узроўні. Гэта прагучала на фоне закліку спецпасланніка ЗША па Беларусі Джона Коўла аднавіць літоўска-беларускія кантакты, піша LRT са спасылкай на ELTA.
«МЗС не атрымлівала падобнай прапановы ад Беларусі», — заявілі агенцтву ў МЗС на пачатку тыдня.
Галоўная дарадца прэзідэнта Гітанаса Наўседы Аста Скайгірытэ паведаміла, што дыялог з Беларуссю ў цяперашні час вядзецца, аднак выключна на тэхнічным узроўні — на ўзроўні службаў. Паводле яе слоў, для змястоўнага палітычнага дыялогу неабходныя ўмовы і добрая воля з боку Мінска.
«Мы размаўляем з Беларуссю на вельмі тэхнічным узроўні, на ўзроўні службаў. І тут пасярэднікі не патрэбныя. Тыя паведамленні, якія неабходна перадаць, перадаюцца, а для таго каб у нас быў змястоўны палітычны дыялог, для гэтага (…) патрэбныя ўмовы, патрэбна добрая воля. І тады мы маглі б размаўляць, калі б нам было пра што гаварыць.
Але на сённяшні дзень мы не вельмі разумеем, пра што б мы гаварылі: ці нагадваць Беларусі пра тое, што яе тэрыторыя была прадастаўлена расійскім узброеным сілам для нападу на Украіну, напрыклад, або пра тое, што палітвязняў працягваюць кідаць у турмы?» — сказала яна ў эфіры Žinių radijas у аўторак.
«Сапраўды, было б цяжка ўявіць, што (Беларусь — ELTA) хоча дыялогу, калі працягваюцца гэтыя, не пабаюся гэтага слова, гібрыдныя атакі (…). Калі б сапраўды было шчырае жаданне мець гэты дыялог, то, відавочна, для пачатку варта было б спыніць гэтую дзейнасць. Тады можна было б ужо пачынаць размаўляць. Пакуль гэтага не відаць», — дадала дарадца прэзідэнта.
Гітанас Наўседа раней заявіў, што дыялог быў бы магчымы толькі пры ўмове дэманстрацыі Беларуссю рэальнага жадання развіваць добрасуседскія адносіны.
Прэм’ер-міністр Інга Ругінене, у сваю чаргу, пазначыла тры канкрэтныя ўмовы: спыненне запуску метэазондаў праз мяжу, вяртанне затрыманых беларускім бокам літоўскіх фур без дадатковых збораў і спыненне нелегальнага прапуску мігрантаў праз мяжу.
Раней Джон Коўл заклікаў Літву правесці двухбаковую сустрэчу з Мінскам на ўзроўні намеснікаў міністраў замежных спраў, а таксама выказаўся за аднаўленне транзіту беларускіх калійных угнаенняў праз літоўскую тэрыторыю.
