Міністэрства замежных спраў Беларусі выклікала часовага паверанага ў справах Літвы Эрыкаса Вілканецаса і заявіла яму “рашучы пратэст” у сувязі з “чарговым” парушэннем беларускай паветранай прасторы беспілотнікам з тэрыторыі Літвы.
Паводле сцвярджэння прэс-сакратара МЗС Беларусі Руслана Варанкова, 17 мая ўкраінскі беспілотнік «Чайка», які накіроўваўся на тэрыторыю Расіі для нанясення ўдараў, быў выяўлены паблізу вёскі Станіслаўцы Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці. Беларусь абвінаваціла Літву ў тым, што тая не прыняла мер па недапушчэнні пралёту баявога дрона праз сваю тэрыторыю і не апавясціла своечасова беларускія Узброеныя сілы.
“Гэтыя дзеянні ўяўляюць сабой прамую пагрозу бяспецы Рэспублікі Беларусь і з’яўляюцца грубым парушэннем норм міжнароднага права”, – заявілі ў ведамстве.
Беларусь запатрабавала ад Літвы правесці расследаванне інцыдэнту, неадкладна даць дэталёвую інфармацыю пра яго абставіны і прыняць вычарпальныя меры для прадухілення падобных выпадкаў у будучыні.