Міністэрства фінансаў Беларусі апублікавала звесткі аб выкананні мясцовых бюджэтаў у студзені-ліпені. Трэба адзначыць, што ведамства яшчэ некалькі гадоў таму перастала публікаваць даныя аб выкананні рэспубліканскага і кансалідаванага бюджэтаў на штомесячнай аснове.
Паводле даных Мінфіна, у студзені-ліпені даход мясцовых бюджэтаў склаў 32,1 млрд рублёў, або на 15,3% больш, чым летась. У тым ліку ўласныя даходы выраслі на 14,8% да 24,5 млрд рублёў. Галоўнай крыніцай папаўнення мясцовых бюджэтаў стаў падаходны падатак з фізічных асоб. Ён склаў 10,6 млрд рублёў.
Расходы мясцовых бюджэтаў склалі 30,4 млрд рублёў, што на 14,7% больш, чым год таму, у тым ліку 8,2 млрд рублёў было накіравана на адукацыю, 6,7 млрд рублёў — на ахову здароўя, 1,6 млрд рублёў — на сацпалітыку.
У студзені-ліпені мясцовыя бюджэты былі выкананыя з прафіцытам у 1,7 млрд рублёў.
