Святлана Ціханоўская знаходзіцца ў Гаазе, дзе на палях сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ была афіцыйна запушчана міжпарламенцкая група «За дэмакратычную Беларусь». Ініцыятыва аб’яднала 35 парламентарыяў з 17 краін, уключаючы Швецыю, Украіну, Германію, Польшчу, Латвію, Ісландыю, Нарвегію, Славенію, Чэхію, Харватыю, Фінляндыю, Італію, Малдову, Вялікабрытанію, Літву, Нідэрланды і Данію.
Як адзначылі ў Офісе Ціханоўскай, парламенцкая група будзе каардынаваць падтрымку дэмакратычных сіл і ўтрымліваць беларускае пытанне ў цэнтры ўвагі арганізацыі.
У сваім выступленні Ціханоўская падзякавала парламентарыям за падтрымку Беларусі і адзначыла, што падобныя групы ўжо дзейнічаюць у 22 нацыянальных парламентах. Яна заявіла, што пытанне свабоднай Беларусі — гэта пытанне еўрапейскай бяспекі, і заклікала не дапускаць нармалізацыі адносін з уладамі Беларусі без вызвалення палітвязняў і сістэмных дэмакратычных змен.
«Я цвёрда веру, што свабодная Беларусь змяніла б бяспеку ўсяго нашага рэгіёна. Яна больш не была б ваенным фарпостам Расіі. Яна больш не пагражала б Украіне або Еўрапейскаму саюзу. Замест гэтага яна стала б надзейным суседам, правераным еўрапейскім партнёрам і важным удзельнікам еўрапейскай бяспекі», — заявіла лідарка дэмсіл.


