31 сакавіка на варшаўскім Тэатры Драматычным (Teatr Dramatyczny) адбудзецца прэм’ера спектакля «Мінскае мора» — новага праекта тэатральнай групы «Вольныя Купалаўцы». Гэта драматычная гісторыя, якая вырасла з адной з самых рэзанансных падзей апошняга часу: апублікаванай «Кіберпартызанамі» ў 2024 годзе базы даносаў у КДБ.
Сюжэт: Архіў чалавечых слабасцяў
Дзеянне спектакля разгортваецца на лецішчы пасля смерці Капітана. Сваякі збіраюцца разам, каб ушанаваць яго памяць, але з’яўленне брата памерлага — афіцэра КДБ у адстаўцы — ператварае памінкі ў псіхалагічны трылер.
У цэнтры гісторыі — тэчка з даносамі. Гэты скрупулёзны архіў, які збіраўся гадамі, выкрывае тое, што хавалася за ілюзіяй шчаслівай сям’і: зайздрасць, страх і прагу помсты. Спектакль ставіць балючае пытанне: што адбываецца з блізкімі людзьмі, калі прыватнае жыццё становіцца прадметам дзяржаўнага сачэння?
Каманда праекта
Над спектаклем працавала зорная каманда незалежнай беларускай культуры:
Аўтар п’есы — Ілля Пруднік — пры напісанні драматургічнага твору натхняўся матэрыяламі «Кіберпартызан».
Рэжысёр — Войцэх Урбаньскі — ужо вядомы супрацай з незалежнай тэатральнай групай. Менавіта польскі пастаноўшчык выступае рэжысёрам спектакля «Зэкамерон» паводле аднайменнай кнігі Максіма Знака. Спектакля, які збірае аншлагі.
Музыку да «Мінскае мора» піша Лявон Вольскі — яго ўдзел гарантуе асаблівы драйв і глыбіню.
Сцэнаграфія і касцюмы — Міла Гогенко. Дызайн — Алена Алешка.
У ролях — любімыя купалаўцы: на сцэну выйдуць Зоя Белахвосцік, Алег Гарбуз, Валянціна Гарцуева, Зміцер Есяневіч і Міхась Зуй.
Прэм’ера пастаноўкі адбудзецца 31 сакавіка (аўторак), 19:00. на Scena Przodownik (Teatr Dramatyczny) у Варшаве.
Спектакль ідзе на беларускай мове з польскімі субтытрамі.
Набыць квіткі можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
