У двары склада гандлёвай сеткі Maxima ў Літве выявілі метэазонд з кантрабандным грузам. Інцыдэнт адбыўся рана раніцай 28 студзеня ў горадзе Лентварыс на вуліцы Зігманцішкю, піша Delfi са спасылкай на крыніцу.
Пазней інфармацыю пацвердзілі прадстаўнікі кампаніі. Паводле іх слоў, на тэрыторыі склада быў заўважаны метэазонд са скрыняй. Супрацоўнікі выклікалі паліцыю, пасля чаго груз быў канфіскаваны праваахоўнымі органамі.
“Так, нам вядома пра гэты інцыдэнт. 28 студзеня раніцай на тэрыторыі склада сеткі Maxima быў заўважаны метэазонд з грузам, магчыма, кантрабанднымі цыгарэтамі. Была выклікана паліцыя, ахоўнікі правапарадку забралі груз”, — распавяла прэс-сакратар Maxima Снегуоле Валяугайце.
Паводле яе слоў, кампанія перадала паліцыі ўсю неабходную інфармацыю.
“Каб не нашкодзіць расследаванню, падрабязна каментаваць інцыдэнт не можам”, — адзначыла яна.
Паліцыя забрала груз і перадала яго памежнікам. Паводле даных Службы аховы дзяржаўнай мяжы, у скрыні знаходзіліся 1400 пачак цыгарэт і GPS-датчык.
Крыніца Delfi таксама паведаміла, што супрацоўнікі склада нібыта адчапілі груз ад метэазонда і спрабавалі падзяліць цыгарэты каля пагрузачнай рампы, аднак іх дзеянні спыніў ахоўнік. Ні паліцыя, ні прадстаўнікі Maxima гэту інфармацыю не пацвердзілі, адзначыўшы, што ўнутранае расследаванне яшчэ не завершана.
Нагадаем, у ноч з 27 на 28 студзеня быў зафіксаваны самы масавы налёт метэазондаў у Літву з пачатку гэтага года — з Беларусі залятелі 42 паветраныя шары. З-за гэтага прыпынялася праца аэрапорта ў Вільнюсе.
