Мінскі аўтамабільны завод сумесна з заводам аўтапрычэпаў і кузаваў «МАЗ-Купава» паказаў уласны аўтадом. Для аўтадома «Купава 273140» абранае шасі МАЗ-365022.
Машына камплектуецца дызельным рухавіком класа Еўра-5 магутнасцю 150 к.с., 6-ступенчатай механічнай каробкай перадач. Для камфортнага і бяспечнага кіравання ў аўтамабілі ўсталяваныя антыблакіровачная сістэма (ABS), сістэма размеркавання тармазной намогі (EBD), сістэма курсавой устойлівасці (ESC). Пярэднія і заднія тармазы — дыскавыя.
Аўтадом мае ацяпляльнае скразное багажнае аддзяленне, а таксама мацаванні для двух ровараў. У базавую камплектацыю ўваходзяць мангал, шампуры, казан.
“Захаванне тэмпературы ў салоне таксама забяспечваюць сістэма кандыцыянавання і два ацяпляльнікі, адзін з якіх незалежны і падтрымлівае абаграванне з выключаным рухавіком да 56 гадзін, — гэта дазваляе эксплуатаваць аўтамабіль у тэмпературных дыяпазонах ад -30°С да +40°C”, — заявілі ў прэс-службе МАЗа.
У салоне абсталяваныя дзве спальныя зоны для размяшчэння чатырох чалавек. Кухонны блок мае газавую варачную панэль і газавы балон на 27 л, выцяжку, мыйку са змяшальнікам, убудаваную шафу з міні-халадзільнікам аб’ёмам 92 л, а таксама розныя адсекі для размяшчэння кухоннага начыння. Сталовая група ўяўляе сабой стол з падшкляннікамі і чатыры месцы для сядзення, два з якіх — паваротныя. Ёсць тэлевізар, які транслюе інфармацыю з USB-флэш-назапашвальніка або відэамагнітолы. Санітарны вузел уключае ў сябе мыйку, туалет, душ, выцяжную нітку для сушкі рэчаў.
Салон абсталяваны трыма люкамі, воданагравальнікам (электра-газавы бойлер), датчыкамі ўзроўню вадкасці (чыстай і «шэрай» вады), раз’ёмам для падключэння аўтамабіля да знешняй крыніцы энергіі.








