Прэзідэнт Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер сустрэўся з былой беларускай палітзняволенай Марыяй Калеснікавай. 15 студзеня ён прыняў яе ў сваёй рэзідэнцыі ў палацы Бельвю, паведамляе «DW Беларусь».
Калеснікава пакінула запіс у гасцявой кнізе, дзе раней такі ж запіс пакідала нобелеўская лаўрэатка па літаратуры Святлана Алексіевіч.
«Цудоўна зноў бачыць вас на волі», — сказаў перад журналістамі Франк-Вальтэр Штайнмаер Калеснікавай.
Нагадаем, у студзені 2022 года Марыю Калеснікаву прыгаварылі да 11 гадоў калоніі, абвінаваціўшы ў спробе захопу ўлады, публічных закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы, і стварэнні экстрэмісцкага фармавання. У лістападзе 2022 года яна перанесла аперацыю ў бальніцы. З лютага 2023 года Марыя ўтрымлівалася ў рэжыме інкамунікада. У лістападзе 2024 года ёй дазволілі сустрэцца з бацькам.
Калеснікава была сярод 123 палітзняволеных, вызваленых 13 снежня 2025 года. Большую частку людзей беларускія ўлады вывезлі ва Украіну, пасля чаго яны змаглі выехаць у краіны ЕС. 87 чалавек прыбылі ў Польшчу, 20 — у Літву. Марыю Калеснікаву і Віктара Бабарыку афіцыйна прыняла Германія.
