Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў сітуацыі з затрыманнем прэзідэнта Венесуэлы Нікаласа Мадуры былі змова і здрада. Гэта прагучала на цырымоніі ўручэння прэмій, якая праходзіць сёння ў Мінску, перадае яго прэс-служба.
“Я хачу, каб вы разумелі: там было ўсё — і дамоўленасць, і грошы, якія былі аплочаныя, у тым ліку людзям у Венесуэле — і вайсковым, і грамадзянскім. Там была змова, і там была здрада — усё там было”, — заявіў ён.
На яго думку, дзеянні ЗША ў дачыненні да Венесуэлы могуць быць звязаныя з саступкамі прэзідэнта Злучаных Штатаў Дональда Трампа ваенным колам.
“Па Венесуэле. Гэта дружалюбны нам народ, які ў свой час падставіў нам плячо. Калі хто забыў, я — не. І ў пэўнай ступені, ну, не ўратаваў нашу краіну, але моцна падтрымаў. У часы Чавеса, калі яны працавалі разам з Нікаласам Мадурам. Я часта бываў там, ведаў аднаго і другога. Як я сказаў — гэтага з дзяцінства, — сказаў Лукашэнка. — Напярэдадні я сказаў, што калі вы, амерыканцы, — прама гэта прагучала — хочаце другі В’етнам? Вы яго атрымаеце. Як бы там ні складвалася сітуацыя, мне здаецца, яны гэта пачулі. І тое, што яны пагражаюць цяпер Венесуэле нейкай наземнай аперацыяй, я думаю, яны выдатна разумеюць, што гэтая аперацыя скончыцца не на іх карысць. І будзе забіта сотня звычайных людзей, вайскоўцаў, кубінцаў, якія ахоўвалі прэзідэнта. Не толькі будуць сотні — тысячы загінуць ужо — і амерыканцы. Думаю, ні Дональд, ні іншыя гэтага не хочуць”.
Нагадаем, Нікалас Мадура і яго жонка Сілія Флорэс былі затрыманыя і вывезеныя ў ЗША 3 студзеня. Яны прадсталі перад федэральным судом Паўднёвай акругі Нью-Ёрка 5 студзеня. Мадура не прызнаў сябе вінаватым і запытаў консульскі візіт. Флорэс таксама не прызнала сябе вінаватай і назвала сябе першай лэдзі Венесуэлы. Наступнае пасяджэнне па іх справе прызначана на 17 сакавіка.
