У інтэрв’ю вядучаму RT Рыку Санчэсу, якое адбылося 17 красавіка ў Мінску, Аляксандр Лукашэнка паспрабаваў апраўдацца за “шматвектарную палітыку” і свае кантакты з амерыканскім бокам, падкрэсліўшы, што не вядзе дыялог з ЗША супраць Расіі або Кітая.
«Слухайце, вы заўсёды і нас, і Украіну, і іншыя постсавецкія рэспублікі правакавалі супраць Расіі. Вы заўсёды правакавалі. І Валодзя Зяленскі што-што, а гэта ведаў. Ведаў. І я таксама ведаў і ведаю цяпер. Слухайце, калі ў Расіі мяне хтосьці папракае, што я вяду перамовы з амерыканцамі, але я магу ім задаць пытанне: “А вы што, не вядзеце з амерыканцамі дыялог? Вядзеце”.
Але я вяду дыялог з амерыканцамі не супраць Расіі, не супраць Кітая. На першай сустрэчы я ім сказаў: “Хлопцы, Расія і Кітай — гэта даўнія нашы не проста партнёры, гэта нашы сябры. І калі вы ўводзілі супраць нас санкцыі, амерыканцы і еўрапейцы, Кітай і Расія адкрылі нам дзверы, і мы за кошт гэтага фактычна былі выратаваныя”.
Чаму я павінен сёння супраць іх весці нейкі дыялог і нейкую палітыку? Тым больш мы юрыдычна з Расіяй падпісалі дагавор аб саюзніцтве. Самы цесны дагавор. Спрабуем выбудаваць нейкую саюзную дзяржаву. Ідзём як па тонкім лёдзе, штосьці спрабуем зрабіць. Што, амерыканцы і Захад гэта не ведалі? Ведалі. І я свята выконваю гэты дагавор», — заявіў Лукашэнка.
Ён таксама растлумачыў шматвектарную знешнюю палітыку эканамічнай неабходнасцю. Паводле яго слоў, Беларусь прадае больш за палову вырабляемых тавараў і паслуг на знешніх рынках, таму вымушана працаваць з усімі — Расіяй, Захадам, Кітаем і Афрыкай.
«Што датычыцца шматвектарнай палітыкі, яна зыходзіць з эканомікі. Разумееце, мы вырабляем — больш за палову, вырабляем матэрыяльных сродкаў, паслуг і прадаём на знешніх рынках. У нас адкрытая эканоміка, таму мы вымушаныя і свае інтарэсы бачыць на Захадзе, у Расіі, Кітаі і ў Афрыцы. Туды, куды ўсе ідуць — і Расія, і амерыканцы. Гэта наш інтарэс для таго, каб, як я нядаўна сказаў, жыць. Не выжываць, а жыць. Гэта наш інтарэс, ён зыходзіць з жыцця. За што нас папракаць? Няма за што», — дадаў ён.
Паводле слоў Лукашэнкі, ён не мае ілюзій адносна кантактаў з Захадам.
“А рэальная палітыка Захаду нам даўно вядомая. Я, якія б са мной перамовы Захад ні вёў, я выдатна разумею, што я не іх сукін сын. Яны з задавальненнем мяне перажуюць і выплюнуць. Я гэта выдатна разумею. Але і ў такой сітуацыі — не таму, што я Лукашэнка, а таму, што я прэзідэнт гэтай краіны, гэтага беларускага народа — я вымушаны і павінен зыходзіць з інтарэсаў народа, а не ўласных інтарэсаў”, — заявіў палітык.
