Лукашэнка хоча пашыраць кантакты з Сербіяй на ўсіх узроўнях

Навіны
Фото: @avucic, Twitter

Аляксандр Лукашэнка хоча працягваць палітычны дыялог і пашыраць кантакты з Сербіяй на ўсіх узроўнях. Пра гэта ён заявіў у віншаванні прэзідэнта Сербіі Аляксандра Вучыча з Днём дзяржаўнасці.

“У нашай краіне рады пераканаўчым дасягненням Сербіі ў забеспячэнні ўстойлівасці нацыянальнай эканомікі і павышэнні дабрабыту сваіх грамадзян у сучасных надзвычай няпростых умовах”, — гаворыцца ў пасланні.

Паводле слоў Лукашэнкі, Мінск і Бялград, “нягледзячы на перашкоды і выклікі”, знаходзяць новыя магчымасці для кааперацыі ў прыярытэтных сферах.

Ён пацвердзіў “непахісную зацікаўленасць у развіцці плённага супрацоўніцтва з Сербіяй, працягванні палітычнага дыялогу і пашырэнні кантактаў на ўсіх узроўнях”.

“Мы нацэлены і ў далейшым адстойваць нашы агульныя мэты і каштоўнасці на міжнароднай арэне, падтрымліваць адзін аднаго па актуальных пытаннях рэгіянальнай і глабальнай павестак дня. Упэўнены, што паспяховае партнёрства Мінска і Бялграда будзе спрыяць міру і стабільнасці на Еўрапейскім кантыненце”, — прыводзіць словы Лукашэнкі яго прэс-служба.

Ён пажадаў Вучычу здароўя, ажыццяўлення планаў і поспехаў у дзяржаўнай дзейнасці, а “братскаму сербскаму народу — росквіту і прагрэсу”.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.

Апошнія навіны