Вярхоўны адміністрацыйны суд Літвы пастанавіў вярнуць від на жыхарства расійскаму адвакату Міхаілу Беньяшу, піша Delfi са спасылкай на праект «Слова защите». Улады краіны пазбавілі яго ВНЖ пасля дзвюх паездак у Беларусь для сустрэчы з сямігадовым сынам.
Дэпартамент міграцыі Літвы ануляваў ВНЖ Беньяша ў канцы верасня 2025 года, спаслаўшыся на закон, прыняты вясной таго ж года. Закон забараняе расіянам, якія пражываюць у Літве, ездзіць у Расію і Беларусь часцей за адзін раз у тры месяцы і дапускае выключэнні толькі пры наяўнасці «аб’ектыўных прычын». Паводле слоў адваката, ён двойчы наведваў Мінск, каб сустрэць сына ў аэрапорце і правесці яго назад да маці, якая жыве ў Расіі. Улады Літвы не прызналі гэта паважнай прычынай.
Суд стаў на бок Беньяша і прызнаў яго паездкі абгрунтаванымі, адмяніўшы рашэнне першай інстанцыі, якая адхіліла скаргу юрыста.
Беньяш пераехаў у Літву пасля пераследу ў Расіі. Да 2022 года ён абараняў у судах Краснадарскага краю мясцовых актывістаў, затым быў аштрафаваны за «дыскрэдытацыю» арміі, унесены ў рэестр «замежных агентаў» і пазбаўлены адвакацкага статусу. У Літве ён атрымаў гуманітарны ВНЖ і працаваў сантэхнікам у Вільнюсе. З-за анулявання ВНЖ ён часова пазбавіўся права працаваць у краіне.
Да канца 2025 года літоўскія ўлады анулявалі ВНЖ 145 грамадзянам Расіі са спасылкай на той жа закон.
