Linava хоча падаць пазоў супраць урада Літвы з-за грузавікоў, што затрымаліся ў Беларусі

Галоўнае
Фото: ГТК

Асацыяцыя перавозчыкаў Linava хоча падаць калектыўны пазоў супраць урада Літвы. Ён звязаны з грузавікамі, што затрымаліся ў Беларусі. Пра гэта заявіў прэзідэнт асацыяцыі Эрландас Мікенас.

“Ніякіх зрухаў, што датычыцца вяртання фур, у нас няма. Няма ніякіх навін ні з Беларусі, ні з боку ўрада. У цяперашні час мы як асацыяцыя дапамагаем перавозчыкам арганізоўваць сустрэчы з адвакацкімі канторамі, заўтра адбудзецца апошняя, а ў сярэдзіне тыдня мы вырашым, з якой кампаніяй будзем супрацоўнічаць.

Мы сабралі членаў нашай асацыяцыі, якія жадаюць прыняць удзел у калектыўным пазове супраць урада. Унеслі свой уклад і перавозчыкі, якія не ўваходзяць ні ў адну асацыяцыю. (…) Зарэгістравалася больш за 100 кампаній”, — цытуе яго Delfi.

Паводле яго слоў, спачатку з дапамогай юрыстаў перавозчыкі звернуцца да ўрада, каб знайсці рашэнне «мірным» шляхам. Мікенас распавёў, што ў канцы снежня прадстаўнікі асацыяцыі правялі сустрэчу з Мінтрансам Літвы. На ёй дамовіліся, што першачарговай задачай павінна быць вяртанне грузавікоў, а не дыскусіі пра іх колькасць. Нягледзячы на запэўніванні аб працы па вяртанні транспарту, асацыяцыя не атрымлівае ніякай больш падрабязнай інфармацыі.

“Міністэрства транспарту запэўніла нас, што МЗС актыўна працуе над гэтым пытаннем, хаця мы пакуль не атрымлівалі ніякай інфармацыі з гэтай нагоды. Яны кажуць, што не могуць распавесці пра ўсе меры, якія прымаюцца. Мы запісаліся на сустрэчу з міністрам замежных спраў і паглядзім, ці ўдасца нам паразмаўляць, бо да гэтага часу ў нас практычна не было кантакту”, — патлумачыў Мікенас.

Нагадаем, у кастрычніку мінулага года Літва закрыла мяжу з Беларуссю ў адказ на інцыдэнты з паветранымі шарамі кантрабандыстаў, якія прыводзілі да парушэнняў у працы віленскага аэрапорта. Аляксандр Лукашэнка тады загадаў сабраць грузавікі літоўскіх перавозчыкаў на спецыяльных стаянках і спаганяць плату за іх ахову. У лістападзе мяжа была адкрыта, аднак грузавікі так і не выехалі.

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.

Апошнія навіны