Калі Аляксандр Лукашэнка хоча зменаў у палітыцы Еўрапейскага саюза, ён павінен сесці за стол перамоваў з беларускім грамадствам і дэмакратычнымі сіламі. Пра гэта заявіў намеснік кіраўніка АПК Павел Латушка на Касцюшкаўскім форуме.
“Нічога пра нас без нас”. Кожны паляк ведае гэтыя словы, і, я думаю, для кожнага паляка яны важныя. І для нас таксама важныя. Каб лёс беларусаў не вырашаўся па-над нашымі галовамі ў прамой камунікацыі з Лукашэнкам. Важна вельмі моцна даносіць тэзіс да Лукашэнкі — калі ён хоча нейкіх зменаў у палітыцы Еўрапейскага саюза, ён у першую чаргу павінен сесці за стол перамоваў з беларускім грамадствам, з дэмакратычнымі сіламі, з грамадзянскай супольнасцю.
Гэта стратэгія прынята Аб’яднаным Пераходным Кабінетам, і я спадзяюся, гэта будзе ініцыятыва нашай фракцыі на адным з першых пасяджэнняў Каардынацыйнай Рады: мы паставім на галасаванне, каб яна была і зацверджана прадстаўнічым органам», — сказаў ён.
Латушка таксама адзначыў, што часта чуе: Беларуссю не варта займацца. Але гэта няправільны шлях.
«Я чую вельмі часта галасы, што не варта займацца Беларуссю, пакуль не змянілася сітуацыя ў Расіі. І я абсалютна не згодны з гэтым падыходам. Гэта, калі хочаце, імперскі падыход і погляд у інтарэсах Расіі. Гэта зноў спроба пакінуць Беларусь і беларускі народ у адзіным кошыку з Расійскай Федэрацыяй. Калі мы кажам, што ўсё залежыць ад Расіі, гэта фактычна пазбаўленне суб’ектнасці для беларускага народа. І я як беларус на гэта ніколі не пагаджуся.
Наша стратэгія Аб’яднанага Пераходнага Кабінета — нацыянальны дыялог. І мы прапаноўваем інструмент для рэалізацыі гэтага нацыянальнага дыялогу — Круглы стол. Як яго дабіцца? Мы ідзем гэтай стратэгіяй і просім нашых еўрапейскіх партнёраў быць моцнымі, не вырашаць наш лёс без нас”, — сказаў ён.