КР зацвердзіла палажэнне аб выбарах: галасаванне па спісах, гендарная квота 40%

Навіны
Фото: Reform.news

Каардынацыйная рада прыняла палажэнні аб выбарах у КС, якія рэгламентуюць парадак арганізацыі і правядзення выбараў.

У галасаванні прынялі ўдзел 42 з 80 дэлегатаў. З іх 40 прагаласавалі «за», двое ўстрымаліся, паведамляе прэс-служба КС.

У адпаведнасці з палажэннем, галасаванне павінна адбыцца з 11 па 17 мая ўключна. Выбары праводзяцца ў анлайн-фармаце з 00:00 першага дня галасавання да 24:00 апошняга паводле мінскага часу.

Галасаванне праводзіцца па спісах выбарчых суб’ектаў, што замацоўвае прапарцыйную выбарчую сістэму. Для ўдзелу ў размеркаванні мандатаў устаноўлены мінімальны прахадны парог у 3%.

Удзельнікамі выбараў з’яўляюцца выбарчыя суб’екты. Выбарчымі суб’ектамі могуць быць палітычныя партыі, заснавальніцкія камітэты партый, арганізацыі грамадзянскай супольнасці, фракцыі Каардынацыйнага савета дзеючага склікання, іх кааліцыі, а таксама групы грамадзян, якія аб’ядналіся для ўдзелу ў выбарах і адпавядаюць патрабаванням палажэння аб выбарах.

Кожны выбарчы суб’ект павінен:

  • мець уласную назву;
  • мець палітычную праграму на перыяд не меншы, чым тэрмін паўнамоцтваў новага склікання Каардынацыйнага савета, і дэклараваць каштоўнасці (прынцыпы або ідэалогію), на аснове якіх ён сфарміраваны;
  • падаць спіс не менш як з 10 кандыдатаў у дэлегаты Каардынацыйнага савета, якія выказалі згоду на ўдзел у выбарах;
  • забяспечыць гендарную квоту не менш за 40% прадстаўнікоў менш прадстаўленага полу ад агульнай колькасці кандыдатаў у спісе.

Гендарная квота можа быць зніжана да 20% па рашэнні Выбарчай камісіі для тых выбарчых суб’ектаў, якія абгрунтавана не могуць выканаць квоту ў 40% (арганізацыі ў сферы бяспекі, ветэранскія арганізацыі беларускіх добраахвотнікаў і іншыя падобныя арганізацыі).

Кожны выбаршчык мае адзін голас і можа прагаласаваць за адзін са спісаў выбарчых суб’ектаў.

Наступным крокам у падрыхтоўцы выбараў у Каардынацыйную раду стане фарміраванне Выбарчай камісіі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.

Апошнія навіны