Валавы ўнутраны прадукт Кітая ў 2025 годзе вырас на 5%. Аднак на працягу года назіралася запавольванне квартальных тэмпаў росту. Калі ў студзені — сакавіку кітайская эканоміка расла на 5,4%, то ў кастрычніку — снежні — на 4,5%. Адзначаецца, што ў чацвёртым квартале мінулага года ў Кітаі былі зафіксаваныя самыя нізкія квартальныя тэмпы росту ў паслякавідны час.
Высокі ўзровень экспарту дапамог кампенсаваць слабыя спажывецкія выдаткі і інвестыцыі прадпрыемстваў. Раней у Кітаі паведамілі аб рэкордным прафіцыце знешняга гандлю, які склаў амаль 1,2 трлн долараў.
Кітайская эканоміка ў мінулым годзе прадэманстравала высокія тэмпы росту на фоне гандлёвых спрэчак з ЗША. Пік супрацьстаяння Вашынгтона і Пекіна, калі ўводзіліся імпартныя пошліны звыш 100%, прыпаў на вясну мінулага года. Кітайскі экспарт у ЗША па выніках мінулага года скараціўся, але вырас у іншыя рэгіёны.
Кітайская статыстыка па выніках мінулага года зноў паказала зніжэнне колькасці насельніцтва. За год яна паменшылася на 3,39 млн чалавек і склала крыху больш за 1,4 млрд чалавек. Насельніцтва Кітая скарачаецца ўжо чацвёрты год запар. Пры гэтым тэмпы скарачэння павялічваюцца. Для параўнання, у 2022 годзе насельніцтва КНР зменшылася на 850 тыс. чалавек. Усяго ж за чатыры гады яно скарацілася на 7,7 млн чалавек.
