Кіраўніца ПАСЕ падтрымала пашырэнне магчымасцяў беларускай дэлегацыі

Навіны
Фото: t.me/rada_vision

Дэлегацыя дэмакратычных сіл Беларусі ў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы правяла сустрэчу з прэзідэнткай ПАСЕ Петрай Баер. З беларускага боку ў сустрэчы прынялі ўдзел Аляксандра Мамаева, Павел Латушка, Валер Мацкевіч, Маргарыта Ворыхава і сакратарка дэлегацыі Ксенія Луцкіна.

Члены дэлегацыі выказалі падзяку за рашэнне ПАСЕ, якое дазволіла афіцыйнай дэлегацыі беларускіх дэмакратычных сіл, сфармаванай з членаў Каардынацыйнай рады, працаваць у Асамблеі. Было пацверджана, што пасля фарміравання новага складу дэлегацыі ў новаабранай КР удзел дэлегацыі будзе працягнуты.

Прэзідэнтку ПАСЕ праінфармавалі пра вынікі выбараў у Каардынацыйную раду IV склікання і пра ціск, які аказваўся падчас іх правядзення. Сярод ключавых вынікаў работы дэлегацыі былі названыя прыняцце рэзалюцыі па Беларусі ў студзені 2025 года, праца над больш як 10 дакладамі ПАСЕ, прыняцце дэкларацыі аб рэлігійнай свабодзе ў Беларусі, унясенне паправак у рэзалюцыі па адказнасці за незаконнае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей і па супрацьдзеянні транснацыянальным рэпрэсіям, правядзенне 27 сустрэч з нацыянальнымі дэлегацыямі і правядзенне слуханняў па палітвязнях.

Бакі абмеркавалі разгляд рэзалюцыі «Сітуацыя ў Беларусі» на найбліжэйшых сесіях і пашырэнне магчымасцяў для працы дэлегацыі ў камітэтах ПАСЕ. Члены дэлегацыі праінфармавалі прэзідэнтку пра сітуацыю з правамі чалавека, колькасць палітвязняў, працяг рэпрэсіўнай палітыкі рэжыму Лукашэнкі і адсутнасць прыкмет нармалізацыі ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў краіне.

Петры Баер была прадстаўлена стратэгія беларускіх дэмакратычных сіл: падтрымка намаганняў ЗША па вызваленні палітвязняў праз санкцыйны ціск і зварот да еўрапейскіх партнёраў з заклікам выкарыстоўваць санкцыйныя інструменты для спынення рэпрэсіўнай і агрэсіўнай палітыкі Лукашэнкі. Таксама быў прадстаўлены падыход да будучага нацыянальнага дыялогу з выкарыстаннем інструмента круглага стала для выхаду з палітычнага крызісу.

Асаблівая ўвага была нададзена адказнасці рэжыму за злачынствы супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларускага народа, ваенныя злачынствы, звязаныя з перамяшчэннем украінскіх дзяцей у Беларусь, і акту агрэсіі супраць Украіны. Дэлегацыя падкрэсліла важнасць стварэння Спецыяльнага трыбунала па агрэсіі супраць Украіны і ўнесеных беларускай дэлегацыяй паправак у дакументы Савета Еўропы, якія ствараюць прававую базу для распаўсюджвання юрысдыкцыі трыбунала на вышэйшае палітычнае кіраўніцтва Беларусі.

Асобна абмяркоўваліся пытанні супрацьдзеяння «рускаму свету» і санкцыйнага ціску: санкцыі павінны быць накіраваныя на рэжым, а не на людзей. Пытанні мабільнасці, абароны правоў і легалізацыі беларусаў застаюцца прыярытэтнымі ў дзейнасці дэлегацыі.

Петра Баер выказала падтрымку беларускаму дэмакратычнаму руху, адзначыла, што работа дэлегацыі «з’яўляецца прыкметнай», і падтрымала ідэю пашырэння працоўных магчымасцяў дэлегацыі ў ПАСЕ, паведамілі ў прэс-службе КР.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.