Літоўскія памежнікі распавялі пра затрыманне трох мужчын, якія прыехалі па кантрабандныя цыгарэты, дастаўленыя метэазондам з Беларусі. Інцыдэнт адбыўся ў чацвер.
Як паведамілі ў Службе аховы дзяржмяжы, памежнікі выявілі метэазонд з кантрабандай каля вёскі Мікуцішкес пад Вільнюсам. Яны вырашылі ўладкаваць засаду. Разлік аказаўся правільным. Праз некаторы час на поле прыехаў аўтамабіль Audi Q7 з трыма мужчынамі. Адзін з іх выйшаў па груз. Ён быў затрыманы. Двое іншых паспрабавалі з’ехаць на машыне, але іх таксама спынілі.
У аўтамабілі пагранічнікі выявілі газавы балон, маску, банкаўскую карту на імя невядомага, а таксама раслінныя рэчывы, меркавана наркотыкі. Акрамя таго, у машыне былі таксама рэшткі паветранага трэкера, каробкі ў плёнцы, GPS-трэкер.
Пакуль пагранічнікі чакалі падмацавання, адзін з затрыманых вырашыў паспрабаваць шчасця. Ён ускочыў у пазадарожнік, на якім прыехаў нарад, і паспрабаваў зрушыць з месца. Завязалася бойка, кропку ў якой паставіў службовы сабака: ён укусіў зламысніка за нагу. Мужчыну аказалі дапамогу.
Сярод затрыманых — 40-гадовы жыхар Вільнюса і двое маладых людзей 24 і 19 гадоў з Шальчынінкайскага раёна. Усе трое былі нецвярозыя. У іх крыві выяўлена ад 0,19 да 1,97 праміле алкаголю.
Мужчыны змешчаны пад варту на месяц. Пачата папярэдняе расследаванне. Цыгарэты і іншыя рэчавыя доказы, уключаючы Audi Q7, часова захоўваюцца ў адным з падраздзяленняў памежнай службы.


