Кангрэс мясцовых і рэгіянальных уладаў Рады Еўропы атрымае інфармацыю пра праблемы беларусаў за мяжой, дзейнасць дэмакратычных сіл. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні Аб’яднанага пераходнага кабінета па выніках сустрэчы намесніка кіраўніка АПК Паўла Латушкі з віцэ-прэзідэнткай Кангрэса, дакладчыцай па дэмакратычнай Беларусі Сесіліяй Дальман Еек.
Яна прыехала ў Польшчу з мэтай азнаёміцца з дзейнасцю інстытутаў беларуских дэмсіл і выклікамі, з якімі сутыкаюцца беларусы за мяжой у кантэксце транснацыянальных рэпрэсій.
Латушка прадставіў напрамкі дзейнасці АПК, у тым ліку ў частцы пазітыўных практык легалізацыі вялікай колькасці беларусаў у Польшчы і адвакатавання рашэння праблемных пытанняў легалізацыі беларусаў. Ён распавёў пра асноўныя праблемы, з якімі беларусы сутыкаюцца ў гэтых пытаннях у кантэксце транснацыянальных рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі. Сярод іх – працяглыя тэрміны разгляду заяў на дакументы, што прыводзіць да заканчэння тэрміну дзеяння пашпартоў у чаканні рашэнняў, блакіроўка банкаўскіх рахункаў, прымяненне Дублінскага рэгламенту і г.д.
Павел Латушка падкрэсліў, што беларусы, у адрозненне ад грамадзян іншых краін ЕС, не могуць разлічваць на абарону сваёй дзяржавы, якая не выдае і не працягвае тэрмін дзеяння пашпартоў. Гэта робіць становішча беларускіх грамадзян асабліва ўразлівым.
Ён таксама праінфармаваў пра пераслед беларусаў, якія пражываюць у Польшчы, па-за тэрыторыяй краіны: пра сотні ўзбуджаных крымінальных спраў, мэтай якіх з’яўляецца пераслед беларусаў за мяжой, спробы вярбоўкі, шантаж праз пераслед сваякоў і сяброў у Беларусі.
Палітык адзначыў важнасць прызнання Кангрэсам мясцовых і рэгіянальных уладаў Рады Еўропы і ПАРЕ дзейнасці Каардынацыйнага савета, які мае свае афіцыйныя дэлегацыі ў гэтых міжнародных парламенцкіх арганізацыях. Такім чынам, беларускае грамадства мае свой законны голас на міжнародных пляцоўках і ў міжнародных кантактах, адзначыў Павел Латушка.
Пасля візіту віцэ-прэзідэнткі Кангрэсу мясцовых і рэгіянальных уладаў Рады Еўропы будзе прадстаўлена абагульненая інфармацыя пра дзейнасць дэмакратычных сіл Беларусі і асноўныя праблемы, з якімі сутыкаюцца беларусы за мяжой.