Юліі Цімашэнка, кіраўніцы фракцыі «Бацькаўшчына» ў Вярхоўнай Радзе Украіны, прад’яўлена падазрэнне, паведамляе «Украінская праўда» са спасылкай на крыніцы.
Увечары 13 студзеня ў офіс партыі з ператрусамі прыйшлі супрацоўнікі Нацыянальнага антыкарупцыйнага бюро (НАБУ) і Спецыяльнай антыкарупцыйнай пракуратуры (САП).
Як паведамілі ведамствы, кіраўнік адной з дэпутацкіх фракцый Рады прапаноўваў «неправамерную выгаду шэрагу народных дэпутатаў, якія належаць да фракцый, не ўзначальваных гэтай асобай, за галасаванне “за” або “супраць” канкрэтных законапраектаў».
Юлія Цімашэнка пацвердзіла ператрусы ў офісе партыі. Паводле яе слоў, ператрус працягваўся ўсю ноч.
«Ператрус — грандыёзны піяр-ход. Нічога не знайшлі, таму проста забралі мае працоўныя тэлефоны, парламенцкія дакументы і асабістыя зберажэнні, інфармацыя пра якія цалкам адлюстраваная ў афіцыйнай дэкларацыі», — напісала Цімашэнка ў Facebook. Яна таксама заявіла, што адхіляе ўсе абвінавачанні.
