Эксперты ААН выступілі з заявай, у якой выказалі занепакоенасць жорсткім абыходжаннем з палітычнымі зняволенымі і адмовай у прадастаўленні ім медыцынскай дапамогі.
«Мы глыбока занепакоеныя паведамленнямі, якія працягваюць паступаць, пра працяглае ўтрыманне ў адзіночным зняволенні, утрыманне без сувязі са знешнім светам, пазбаўленне кантактаў з сям’ёй і сур’ёзныя абмежаванні, якім падвяргаюцца зняволеныя, прызнаныя “экстрэмістамі” або “тэрарыстамі”», — гаворыцца ў заяве.
Эксперты ААН атрымалі інфармацыю, што стан здароўя шэрагу палітычных зняволеных значна пагоршыўся, а некаторыя з іх могуць сутыкнуцца з незваротнымі для здароўя наступствамі, калі не атрымаюць медыцынскую дапамогу.
«Такая сітуацыя можа ўяўляць сабой жорсткае, бесчалавечнае або прыніжальнае годнасць абыходжанне, а ў асобных выпадках можа быць прыраўнаваная да катаванняў», — заяўляюць эксперты. Яны таксама адзначылі, што працяглае ўтрыманне пад вартай інкамунікада можа прыраўноўвацца да гвалтоўнага знікнення.
Эксперты звярнулі ўвагу на сітуацыю з Аляксандрай Пуліновіч, затрыманай ва ўзросце 16 гадоў па «справе Чорных салаўёў», Вольгай Маёравай, Ягорам Волкавым, Сцяпанам Латыпавым і Вячаславам Арэшкам.
«Мы заклікаем улады Беларусі неадкладна забяспечыць доступ да незалежнай медыцынскай дапамогі і разгледзець магчымасць вызвалення па гуманітарных падставах або прымянення мер, не звязаных з пазбаўленнем волі, у дачыненні да зняволеных, стан здароўя якіх ставіць пад пагрозу іх жыццё і фізічную недатыкальнасць», — гаворыцца ў заяве.
У заяве таксама выказана занепакоенасць у сувязі з крымінальным пераследам Сяргея Салаша. Паводле інфармацыі экспертаў, яго крымінальны пераслед суправаджаўся працэсуальнымі парушэннямі і выклікае занепакоенасць у сувязі з крыміналізацыяй незалежнага самавыяўлення і права на аб’яднанне ў сферы культуры на падставе празмерна шырока сфармуляванага заканадаўства аб «экстрэмізме».
Эксперты ААН пацвердзілі сваю ранейшую занепакоенасць прымяненнем артыкула 411 КК, які дазваляе падаўжаць тэрміны зняволення за «непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі». Таксама яны занепакоены выкарыстаннем абвінавачанняў у «экстрэмізме» і «тэрарызме» для крымінальнага пераследу за мірнае выказванне меркаванняў, грамадзянскую актыўнасць і дзейнасць у сферы культуры.
Эксперты накіравалі адпаведныя звароты ўраду Беларусі.