Пункт пахавання радыеактыўных адходаў Беларускай АЭС павінен быць пабудаваны да канца 2030 года і гатовы прымаць першыя кантэйнеры да 2031 года. Пра гэта заявіў дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства «Беларуская арганізацыя па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі» Міхаіл Кісель, піша БелТА.
“Гэты графік выканальны. Мы плануем у спакойным, ціхім рэжыме прайсці ўвесь гэты працэс і атрымаць жаданы вынік да патрэбнай даты. Тут у першую чаргу трэба грунтавацца на пытаннях бяспекі. На цяперашнім этапе ў працэсе ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе мы ўважліва разглядаем гэтае пытанне і перш за ўсё пры аналізе патэнцыйных пляцовак улічваем бяспеку геалагічнай фармацыі. Атрыманыя зыходныя даныя будуць выкарыстоўвацца пры праектаванні”, — заявіў ён.
Паводле яго слоў, сёлета рыхтуецца справаздача па ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, увосень пачнуцца грамадскія слуханні, а ў канцы года — дзяржаўная экалагічная экспертыза. З дакладам ва ўрадавую камісію па вызначэнні прыярытэтнай пляцоўкі плануецца выйсці ў першым квартале 2027 года. Пасля выбару месца пачнецца падрыхтоўка архітэктурнага праекта, затым будаўнічая экспертыза і будаўніцтва.
Разглядаюцца тры патэнцыйныя пляцоўкі: у Астравецкім раёне Гродзенскай вобласці паблізу БелАЭС, Мсціслаўскім раёне Магілёўскай вобласці і Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці паблізу Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка.