(абноўлена) Калявайсковы рэсурс «Indian Defence Research Wing» (IDRW) паведаміў аб куплі Індыяй партыі беларускіх беспілотнікаў «Беркут-БМ».
«Індыйская армія закупіла беларускі беспілотны лятальны апарат Berkut-BM у версіі Mirotvorets», — гаворыцца ў паведамленні.
Больш ніякіх падрабязнасцяў пакупкі не прыводзіцца. Таксама не ўказаная крыніца інфармацыі.
Далей у артыкуле ідзе апісанне і тэхнічныя характарыстыкі апарата. Сцвярджаецца, што ён распрацаваны як высакахуткасны ўдарны дрон і аптымізаваны для знішчэння зенітных ракетных комплексаў, рэактыўных сістэм залпавага агню, артылерыйскіх пазіцый, сродкаў разведкі і радыёэлектроннай барацьбы, а таксама калонаў лёгкабраніраванай і матарызаванай тэхнікі і жывой сілы праціўніка.
Беспілотнік «Беркут-БМ» распрацавала беларуская кампанія КБ «INDELA». На іх сайце ўказана, што «Беркут-БМ» — нібыта рабатызаваная паветраная мішэнь з размахам крыла 2,8 м, масай 33 кг, турбарэактыўным рухавіком, парашутнай сістэмай выратавання, хуткасцю 450 км/г.
У 2017 годзе КБ «INDELA» ажыццявіла рэарганізацыю, стаўшы КБ «Беспілотныя Верталёты» з брэндам «UAVHELI».
«Міратворац» — беспілотны самалёт-камікадзэ з турбарэактыўным рухавіком, размахам 2,8 м, далёкасцю 180 км, баявой часткай 10 кг. Доследныя ўзоры былі выраблены ў 2021 годзе. У цяперашні час запушчаны ў серыйную вытворчасць.
Вядома, што беларускі беспілотнік абсталяваны кампактнымі мікратурбарэактыўнымі рухавікамі кітайскай вытворчасці кампаніі «Swiwin».
Год таму Reform.news паведамляў, што паўстанцы з групоўкі М23 у аэрапорце Гомы (буйны горад на ўсходзе ДРК) захапілі партыю ваеннай тэхнікі, у тым ліку упакаваныя ў драўляныя скрыні новыя БПЛА «Беркут-БМ».
