Учора на YouTube адбылася прэм’ера праекта «Сепультура Alive» — «жывых» анлайн-канцэртаў беларускіх выканаўцаў. І беларусы падтрымалі ініцыятыву, заданаціўшы NaviBand — першаму выступоўцу на анлайн-сцэне — і камандзе «Сепультуры» больш за дзве тысячы еўра. Аўдыторыя канцэрта склала звыш дзвюх тысяч чалавек.
Стваральнікі «Сепультура Alive» зрабілі стаўку ў падачы сцэнічнага анлайн-дзеяння на «блізкую дыстанцыю». Выступленне NaviBand адбывалася ва ўтульнай, невялікай кватэры-студыі, а выкананне песень спалучалася ў эфіры з размовамі. Удзельнікі гурта — Ксюша Жук, Арцём Лук’яненка, Саша Табольскі адказвалі на пытанні вядоўцы — музычнага журналіста Аляксандра Чарнухі, а таксама дасланыя пытанні гледачоў. Камандзе праекта ўдалося стварыць душэўную атмасферу «кватэрніка»: па той бок экрана ўзнікала адчуванне далучанасці да творчага дзеяння.
Падчас трансляцыі былі і невялікія тэхнічныя хібы, якіх з часам, мяркуем, можна будзе пазбегнуць.
На канцэрце «Сепультура Alive» таксама адбылася прэм’ера новай песні NaviBand — «Пачынаем жыць». Яе напісала Ксенія Жук, якая пачала браць урокі ігры на гітары. Кампазіцыя прыйшлася вельмі даспадобы публіцы.
Нагадаем, што «Сепультура Alive» — праект музычнага журналіста Аляксандра Чарнухі і каманды, што ствараецца без фінансавання знешніх спонсараў. Ініцыятыва існуе толькі за кошт падтрымкі гледачоў, якім прапаноўваецца набыць сімвалічны квіток на шоу.
«Сепультура Alive» будзе выходзіць раз на месяц.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram