Міністэрства абароны Расіі прызнала, што расійскі фрэгат «Адмірал Грыгаровіч» сапраўды страляў паблізу яхты ў праліве Ла-Манш. Расійскае ваеннае ведамства сцвярджае, што гэта было зроблена для прыцягнення ўвагі з-за небяспечнага збліжэння.
Інцыдэнт адбыўся 16 чэрвеня ў 12:25. Расійскі фрэгат выявіў грамадзянскую ветразную яхту Bright Future пад сцягам Вялікабрытаніі, якая рухалася пад рухавіком «небяспечным курсам на збліжэнне з караблём».
Экіпаж фрэгата паспрабаваў выклікаць яхту на сувязь па міжнародным радыёканале, але адказу не было, а яхта не змяніла курс, сцвярджае Мінабароны РФ.
«З мэтай прыцягнення ўвагі экіпажа яхты быў ажыццёўлены запуск сігнальных ракет і пададзены гукавыя сігналы. Нягледзячы на прынятыя меры, судна працягвала небяспечнае збліжэнне.
Пасля скарачэння дыстанцыі да 150 метраў камандзірам фрэгата было прынята рашэнне зрабіць папераджальную стральбу па курсе судна са стралковай зброі. Пасля гэтага яхта пад сцягам Вялікабрытаніі адразу змяніла курс і працягнула рух на аддаленне ад расійскага ваеннага карабля», — гаворыцца ў заяве Мінабароны Расіі.
Раней пра сітуацыю паведамлялі брытанскія СМІ. Мінабароны Вялікабрытаніі заявіла, што расследуе інцыдэнт.