Старшыня Еўрапейскай рады Антоніу Кошта склікае пасяджэнне лідараў краін ЕС. Яно павінна адбыцца ў бліжэйшыя дні. Тэмай стане сітуацыя вакол Грэнландыі, прэтэнзіі на якую ў апошні час актыўна заяўляе прэзідэнт ЗША.
«Улічваючы значнасць апошніх падзей і з мэтай далейшай каардынацыі, я прыняў рашэнне склікаць пазачарговае пасяджэнне Еўрапейскай рады ў бліжэйшыя дні», — гаворыцца ў яго заяве.
Кошта таксама паведаміў, што правёў кансультацыі з дзяржавамі ЕС адносна апошніх падзей, звязаных з Грэнландыяй. Яны пацвердзілі прыхільнасць краін саюза адзінству на аснове прынцыпаў міжнароднага права, тэрытарыяльнай цэласнасці і нацыянальнага суверэнітэту, адзінству ў падтрымцы і салідарнасці з Даніяй і Грэнландыяй.
Падчас кансультацый таксама было прынята агульнае меркаванне, што ўвядзенне пошлін падарве трансатлантычныя адносіны і не сумяшчальнае з гандлёвым пагадненнем паміж ЕС і ЗША. Краіны ЕС таксама выказалі гатоўнасць абараняцца ад любых форм прымусу і працягваць канструктыўнае ўзаемадзеянне з ЗША па ўсіх пытаннях, якія ўяўляюць узаемны інтарэс.
Старшыня Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен паведаміла, што правяла размову з лідарамі Францыі, Вялікабрытаніі, Германіі і Італіі, а таксама з генсакратаром НАТА.
«Разам мы цвёрда стаім у сваім імкненні абараняць суверэнітэт Грэнландыі і Каралеўства Данія. Мы заўсёды будзем абараняць нашы стратэгічныя эканамічныя інтарэсы і інтарэсы бяспекі. Мы будзем супрацьстаяць гэтым выклікам нашай еўрапейскай салідарнасці са стойкасцю і рашучасцю», — заявіла яна па выніках размовы.
