Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю прыцягнула да адказнасці два брэсцкія прадпрыемствы за парушэнне парадку цэнаўтварэння. Эканамічны суд Брэсцкай вобласці наклаў на іх штрафы.
“ААТ «Цяплічны камбінат «Берасце» (Брэсцкі раён) завысіла цэны на таматы да 209,9 % (напрыклад, адпускная цана на тамат свежы сярэднеплодны жоўты да павышэння складала 3,04 руб./кг, пасля – 9,42 руб./кг), салодкі перац – да 291,7 % (цана да павышэння – 2,17 руб./кг, пасля – 8,5 руб./кг) і агуркі – да 7,9 % (цана да павышэння – 4,78 руб./кг, пасля – 5,16 руб./кг).
ТАА «МРПі» (г. Кобрын) павысіла цэны на асобныя віды курыных яек да 13 %”, – распавялі ў МАРГ.
Абодва прадпрыемствы не змаглі абгрунтаваць павышэнне адпускной цаны. Адзначаецца, што сістэма ўліку на прадпрыемствах не дазваляла раздзельна адсочваць выдаткі па канкрэтных відах тавараў.
МАРГ выдаў прадпісанні, і абодва прадпрыемствы “адкруцілі” цэны назад. Суд прызначыў штраф у 11 тыс. рублёў для ААТ «ТК «Берасце», 13,5 тыс. рублёў для ТАА «МРПі».
Пры гэтым працэс у дачыненні да цяплічнага камбіната зрабілі публічным.
