У Легніцкім судзе вынесены прысуд удзельнікам арганізаванай злачыннай групоўкі, якая перапраўляла мігрантаў праз польска-беларускую мяжу ў Германію, а таксама па балканскім маршруце. Група пераправіла ў Еўрапейскі саюз не менш за сто чалавек, паведамляе Пагранслужба Польшчы.
Схема раскрылася ў 2023 годзе, калі пагранічнікі з Легніцы затрымалі на трасе А4 кур’ера, які перавозіў некалькі мігрантаў. У ходзе далейшага расследавання былі затрыманы астатнія ўдзельнікі групы. Каб ускладніць пераслед, члены групы выкарыстоўвалі арандаваныя аўтамабілі. Адным з затрыманых апынуўся грамадзянін Польшчы, падазраваны ў кіраўніцтве групай.
Усяго ў групу ўваходзілі 10 чалавек. Шэсць з іх у ходзе папярэдніх працэсаў прызналі віну і атрымалі пакаранне. Астатнім чатыром агучылі прысуд цяпер. Кіраўнік групы атрымаў 8 гадоў пазбаўлення волі, трое кур’ераў — па 1,5 года. Прысуд не ўступіў у законную сілу.
