Святлана Ціханоўская правяла ў Варшаве сустрэчу з арганізацыямі, якія аказваюць дапамогу беларускім палітвязням. Удзельнікі абмеркавалі каардынацыю падтрымкі, фінансаванне і падрыхтоўку да магчымага масавага вызвалення зняволеных.
У сустрэчы прынялі ўдзел прадстаўнікі Аб’яднання жанчын-палітвязняў, фонду «Прытуляй мяне», валанцёрскай службы праваабарончага цэнтра «Вясна», Politzek.me, Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, Free Belarus Center, Цэнтра беларускай салідарнасці, ініцыятывы Partyzanka, «Вольныя», Аб’яднанага пераходнага кабінета, а таксама фонду «Краіна для жыцця».
На сустрэчы абмяркоўваўся стан фінансавання экстранай і доўгатэрміновай дапамогі, пытанні выезду і легалізацыі, пагрозы паўторнага пераследу, даступныя рэсурсы для забеспячэння жыллём, а таксама арганізацыя медыцынскай і псіхалагічнай рэабілітацыі вызваленых.
Ціханоўская падзякавала арганізацыям за працу і салідарнасць, адзначыўшы, што вызваленне і рэабілітацыя палітвязняў застаюцца прыярытэтам Офіса.
«Я ўдзячная кожнай арганізацыі і кожнаму валанцёру за працу, якую вы робіце штодня. Вызваленне і рэабілітацыя палітвязняў — наш безумоўны прыярытэт. Наша задача — быць гатовымі не рэактыўна, а сістэмна да масавага вызвалення палітвязняў. Нам неабходныя каардынацыя, давер і сумеснае планаванне, каб падтрымка была своечасовай і эфектыўнай. Таму сённяшняя сустрэча — важны крок да больш скаардынаванага супрацоўніцтва дзеля падтрымкі палітвязняў і іх сем’яў», – заявіла лідар дэмсіл.



