Каманда эвакуацыі, створаная больш за 5 гадоў таму і якая працавала сумесна з BYSOL, з сённяшняга дня працягвае самастойную дзейнасць як ініцыятыва ProEvac, паведамілі Reform.news прадстаўнікі ініцыятывы. Гаворка ідзе пра частку каманды, служба эвакуацыі ў межах BYSOL працягне працу, удакладнілі ў BYSOL.
“Мы захоўваем ранейшую місію, падыходы і стандарты бяспекі. Падтрымка людзей, якія знаходзяцца ў небяспецы, застаецца для нас галоўным прыярытэтам. Звязацца з намі па-ранейшаму можна праз Telegram, – расказалі яны. – Ранейшыя кантакты і механізмы працягваюць функцыянаваць як звычайна, у фармаце незалежнай ініцыятывы ProEvac. Мы ўдзячныя кожнаму, хто давярае нам. Не чакайце, калі вы або вашы блізкія знаходзяцца ў небяспецы, звяжыцеся з намі”.
Для сувязі яны пакінулі кантакты:
- Фёдар – @dogen_free
- Паша – @evac_help
Падаць заяўку на эвакуацыю можна тут
“Мы выбудавалі ўстойлівую сістэму дапамогі, адпрацавалі пратаколы бяспекі і набылі значны практычны досвед у эвакуацыі людзей з зоны рызыкі. Для нас важна захоўваць магчымасць самастойнага развіцця. Напрамак эвакуацыі ў BYSOL працягвае працаваць у сваім фармаце”, – адзначылі актывісты.
Ці будзе BYSOL займацца эвакуацыяй?
Reform.news звярнуўся да BYSOL з пытаннем, ці азначае гэта, што ініцыятыва спыняе эвакуіраваць людзей з Беларусі. Калі коратка — не, служба эвакуацыі ў BYSOL захоўваецца.
“Сапраўды, частка каманды напрамку эвакуацыі вырашыла развіваць уласную ініцыятыву ProEvac. Аднак гэта не азначае, што BYSOL больш не будзе эвакуіраваць з Беларусі тых, каму пагражае небяспека. Для працягу гэтай працы ў нас ёсць усе неабходныя сродкі і спецыялісты. Па-ранейшаму, каб звязацца з нашай Службай эвакуацыі, трэба запоўніць заяўку, спасылка на яе апублікаваная на нашым сайце. Гэта значыць, для атрымальнікаў дапамогі нічога не зменіцца”, – расказаў Дзмітрый Ягораў, прадстаўнік BYSOL.
Прычыны выхаду каманды ProEvac са складу BYSOL Ягораў бачыць у “разыходжанні ў бачанні”.
“Пасля крызісу (гісторыя з Андрэем Стрыжаком – заўв. reform.news) у нас праходзілі сустрэчы па стратэгічным развіцці напрамкаў. Зборы, эвакуацыя і гэтак далей. Канфлікту няма, ёсць разыходжанні ў бачанні. Тут падрабязнасці, на жаль, расказаць не магу. Хлопцы вырашылі далей самастойна развіваць асобную ініцыятыву. Дарэчы, Evac у нас заўсёды быў адносна аўтаномны ўнутры арганізацыі”, – растлумачыў ён.
