У Літве праведзена буйная аперацыя, накіраваная супраць кантрабандыстаў цыгарэт. Пра следчыя дзеянні на тыдні паведамлялі літоўскія СМІ. Сёння Бюро крымінальнай паліцыі і Генеральная пракуратура падзяліліся вынікамі аперацыі.
Усяго па краіне затрыманыя 27 чалавек, з іх 13 з’яўляюцца паліцэйскімі і памежнікамі. Падчас аперацыі былі праведзеныя 74 ператрусы.
Аперацыя была праведзена ў рамках двух следстваў.
«Члены злачыннага аб’яднання выкарыстоўвалі GPS-прылады, а таксама сродкі зашыфраванай сувязі, каб дакладна ведаць, дзе прызямляюцца метэаралагічныя шары. <…> Затым яны забіралі іх, захоўвалі і, вядома, рэалізоўвалі кантрабандныя цыгарэты», – заявіў намеснік генеральнага камісара паліцыі Літвы Марус Драўдвіла, перадае LRT.
У рамках першага следства затрыманыя 17 чалавек у перыяд 19-21 мая. Сярод затрыманых службоўцаў трое супрацоўнікаў Службы аховы дзяржмяжы, у тым ліку два начальнікі змен. Акрамя таго, затрыманыя восем патрульных Шальчынінкайскага раённага камісарыята, адзін следчы з тэрытарыяльнага камісарыята Вільні і адзін крыміналіст (старшы следчы) з Галоўнага камісарыята паліцыі Віленскага павета. Яны адхіленыя ад службы, у далейшым іх могуць звольніць. Паліцэйскім і памежнікам інкрымінуюць прадастаўленне службовай інфармацыі кантрабандыстам.
Сярод затрыманых таксама ёсць грамадзянскі службовец – супрацоўнік самакіравання Шальчынінкая.
У рамках гэтага расследавання падазрэнні прад’яўленыя не толькі ў кантрабандзе і стварэнні злачыннай супольнасці, але і ў аказанні дапамогі іншай дзяржаве ў дзеяннях супраць Літвы. Пад апошнім абвінавачаннем маецца на ўвазе парушэнне працы аэрапорта Вільні.
“Сабраныя даныя дазваляюць нам з дастатковай ступенню верагоднасці меркаваць, што з арганізаваных злачынных груп, якія дзейнічаюць асобна ў Літве і Рэспубліцы Беларусь, сфармавалася строга засакрэчанае злачыннае аб’яднанне, якое знаходзіцца пад жорсткім кантролем арганізатараў і імкнецца да сістэматычнай нажывы на кантрабандзе падакцызных тавараў (цыгарэт), магчыма, мэтанакіравана ствараючы пагрозу нашай дзяржаве.
У цяперашні час у рамках папярэдняга расследавання знаходзяцца 49 падазраваных, а агульны кошт канфіскаванай у іх маёмасці, паводле наяўных даных, складае 4 мільёны 200 тысяч еўра”, – гаворыцца ў паведамленні Генпракуратуры Літвы.
Па другой справе былі затрыманыя 10 чалавек. Усяго ў ёй 11 падазраваных. Яна датычыцца групы, якая дзейнічала ў раёне Алітуса, Друскінінкая, Варэны і Лаздзіяя.