У Міжнародны дзень салідарнасці з палітвязнямі Беларусі заявы з заклікамі да іх вызвалення зрабілі больш за 40 урадаў, парламентарыяў, дыпламатаў, міжнародных арганізацый і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці. Офіс Святланы Ціханоўскай сабраў іх на сваім сайце.
Еўрапейскі парламент заклікаў да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітвязняў і асудзіў практыку прымусовага выдварэння былых вязняў з уласнай краіны.
«Хоць нядаўняе вызваленне шэрагу зняволеных стала пазітыўным і важным крокам, гэта не сведчыць пра сістэмныя змены ў рэпрэсіўнай палітыцы рэжыму. Палітычна матываваныя арышты, крымінальныя пераследы і прысуды працягваюцца штодня», — гаворыцца ў заяве.
Еўрапарламент таксама запатрабаваў поўнай амністыі для ўсіх асуджаных па палітычных справах і гарантый бяспечнага вяртання для тых, хто быў вымушаны пакінуць краіну.
Вялікабрытанія выказала глыбокую занепакоенасць тым, што агульная сітуацыя ў Беларусі не паляпшаецца, нягледзячы на нядаўнія вызваленні. Лондан асудзіў катаванні і бесчалавечныя ўмовы ўтрымання, задакументаваныя групай незалежных экспертаў ААН, якая прыйшла да высновы, што беларускія ўлады сістэматычна парушаюць міжнароднае права ў сферы правоў чалавека.
Віцэ-прэзідэнт Еўрапейскага парламента Піна Пічэрна адзначыла, што рэпрэсіі ўжо не абмяжоўваюцца палітычнымі апанентамі і журналістамі. Усё часцей пад пагрозай аказваюцца і члены іх сем’яў.
«Сведчанні, якія даходзяць з турмаў, гавораць пра задакументаваныя выпадкі катаванняў і бесчалавечных умоў. Многіх трымаюць у ізаляцыі месяцамі, без доступу да адвакатаў або родных. Некаторыя страцілі жыццё ў турме. Сёння мы крычым ад імя ўсіх галасоў, зняволеных у беларускіх турмах: за вызваленне і спыненне пераследу, за ўвагу міжнароднай супольнасці, за падтрымку ахвяр рэжыму. Салідарнасць — гэта не злачынства. Маўчанне, наадварот, робіць магчымымі новыя рэпрэсіі», — заявіла яна.
Дэпутат Бундэстага ад партыі «Зялёныя» Робін Вагенер запатрабаваў, каб федэральны ўрад Германіі дамагаўся вызвалення ўсіх палітвязняў у Беларусі, і асобна падзякаваў Святлане Ціханоўскай за тое, што яна «нястомна змагаецца за тое, каб Беларусь заставалася на палітычным парадку дня Еўропы».
Кангрэс ЗША, Камісія па правах чалавека імя Тома Лантаса і Прэзідэнцкі цэнтр Джорджа Буша выказалі салідарнасць з больш чым 840 палітвязнямі, у тым ліку 21 журналістам. Freedom House высока ацаніў намаганні амерыканскага спецпасланніка Джона Коўла і намесніка памочніка дзяржсакратара Крыса Сміта па вызваленні сотняў зняволеных за апошні год, падкрэсліўшы, што рэпрэсіі павінны быць спыненыя.
Камітэт абароны журналістаў заклікаў неадкладна вызваліць 21 журналіста, які ўсё яшчэ знаходзіцца за кратамі, і спыніць пераслед журналістаў у эміграцыі і запалохванне іх сем’яў. PEN International выказаў салідарнасць са 122 дзеячамі культуры, у тым ліку 24 пісьменнікамі, якія знаходзяцца ў зняволенні або пад хатнім арыштам.
З заявамі выступілі міністэрствы замежных спраў Эстоніі, Швецыі, Фінляндыі, Чэхіі, Латвіі, Нарвегіі, Нідэрландаў, Ірландыі і Канады. Усе яны заклікалі да неадкладнага вызвалення палітвязняў і працягнення санкцыйнага ціску на рэжым.
Міжнародны дзень салідарнасці з палітвязнямі Беларусі адзначаецца 21 мая, у дзень гібелі актывіста Вітольда Ашурка ў шклоўскай калоніі ў 2021 годзе. З таго часу ў зняволенні загінулі яшчэ 8 палітвязняў. Паводле даных «Вясны» на 21 мая 2026 года, у беларускіх месцах пазбаўлення волі ўтрымліваецца 841 палітвязень.