Белстат у гэтым годзе пачне разлічваць ВУП па абноўленай сістэме нацыянальных рахункаў 2025 года, ухваленай Статыстычнай камісіяй ААН. Пра гэта паведаміла старшыня статкамітэта Іна Мядзведзева.
“Гэта дазволіць ацаніць нематэрыяльныя актывы накшталт баз даных і лічбавай эканомікі — мы працуем з Паркам высокіх тэхналогій і Нацыянальным банкам, плануючы эксперыментальны разлік ВУП да 2028 года”, — сказала яна, перадае БелТА.
Старшыня Белстата таксама расказала пра ключавыя вынікі ў галіновай метадалогіі, сярод якіх — упершыню праведзеная ацэнка ўкладу крэатыўнай эканомікі ў ВУП краіны. Паводле даных за 2022–2023 гады, гэты паказчык склаў каля 5%. Іна Мядзведзева падкрэсліла, што атрыманы вынік сведчыць пра развітасць сферы паслуг і з’яўляецца яўнай прыкметай пераходу да эканомікі ведаў, інавацый і нематэрыяльных каштоўнасцяў.
