Святлана Ціханоўская правяла брыфінг для паслоў Камітэта міністраў Савета Еўропы. Сярод асноўных тэм было становішча беларусаў за мяжой.
Як паведамілі ў Офісе Ціханоўскай, мерапрыемства было арганізавана місіямі ЕС і Польшчы. Ціханоўская падзякавала краінам Еўропы за салідарнасць з беларусамі, падтрымку палітвязняў і прынцыповую пазіцыю па непрызнанні Лукашэнкі.
«Мы працуем з краінамі ЕС і з DG HOME, каб знайсці комплекснае рашэнне для беларусаў у Еўропе, каб людзі не станавіліся асобамі без грамадзянства. Па нашай просьбе Іспанія прызнала пратэрмінаваныя пашпарты, Данія і Нарвегія пачалі выдаваць пашпарты замежніка беларусам. У Літве дзейнічаюць дакументы на тры гады, Польшча выдае міжнародную абарону. Гэта добрыя прыклады, якія трэба пашыраць», – заявіла Ціханоўская.
Яна таксама пракаментавала новы падыход да беларускага напрамку ўкраінскіх уладаў. Ціханоўская выказала надзею, што ён дапаможа ўмацаваць рух і стварыць новую дынаміку ўнутры Беларусі.
“Беларускія эліты, армія і грамадства сочаць за Украінай — з надзеяй. І я лічу, што ў выпадку спынення агню роля Украіны для Беларусі стане яшчэ больш значнай», – сказала яна.
Падчас сустрэчы абмяркоўваліся наступныя тэмы:
- візавая палітыка і мабільнасць беларусаў у ЕС,
- праблемы з дакументамі і пашпартамі,
- падтрымка Украіны і сітуацыя з беларускімі добраахвотнікамі,
- вызваленне палітвязняў і дапамога вызваленым і дэпартаваным,
- санкцыйная палітыка,
- прыцягненне рэжыму да адказнасці,
- транснацыянальныя рэпрэсіі і злоўжыванні Інтэрполам,
- падтрымка незалежных СМІ і культуры.
