Беларуская спартыўная драма пра акадэмічнае веславанне адкрые кінафестываль «Лістапад»

Культура
Фота: сацстекі кінастудыі "Беларусьфільм".

Фільмам-адкрыццём ХХХІ Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» стане беларуская спартыўная драма «Пераломны момант» пра акадэмічнае веславанне. Гэта дэбют беларускага рэжысёра Дзмітрыя Сарокі, зняты на кінастудыі «Беларусьфільм».

Паведамляецца, што гэта першы за 40 гадоў беларускі мастацкі спартыўны фільм. Сёння Нацыянальная кінастудыя выклала ў сеціва трэйлер кіно.

«У цэнтры сюжэта — юны спартсмен, які перажывае сапраўды сур’ёзны псіхалагічны пераварот. Фільм пачынаецца з яго спартыўнай няўдачы і здрады сяброў. Нягледзячы на перашкоды, малады чалавек знаходзіць у сабе сілы падняцца, сабраць каманду з зусім не спартыўных хлопцаў, але добрых сяброў і сапраўдных энтузіястаў веславання. Прайшоўшы праз шэраг выпрабаванняў — спартыўных і чалавечых, — ён прыводзіць сваю каманду да перамогі», — распавяла пра карціну начальнік аддзела кінематаграфіі Міністэрства культуры Ірына Дрыга.

Беларуская спартыўная драма пра акадэмічнае веславанне адкрые кінафестываль «Лістапад»
Фота: сацстекі кінастудыі “Беларусьфільм”.

Стужка дэманстравалася на перадпаказе спартсменам. І са слоў спадарыні Дрыгі, яны зазначылі, што фільм «не толькі пра спорт, а перш за ўсё пра псіхалогію, чалавечыя адносіны і станаўленне характару».

Здымкі кіно адбываліся з сярэдзіны ліпеня 2025 года па сярэдзіну верасня ў ваколіцах Мінска, у тым ліку ў Мінску, Заслаўі, вёсцы Кіевец і на Вячы. Фільм тэхнічна складаны, бо ўтрымлівае шмат сцэн на вадзе, для чаго частка абсталявання размяшчалася на плыце або здымалася з маторнай лодкі. Над карцінай працавала цалкам беларуская каманда, якая ўяўляе сабой «мікс маладой крыві» і прафесіяналаў.

Дзмітрый Сарока казаў у інтэрв’ю «Минск-Новости», што здымаць пра акадэмічнае веславанне, легендарны для Беларусі від спорту, пачэсна і важна, бо каля 40% усіх алімпійскіх медалёў Беларусі ў летніх відах спорту заваяваны менавіта ў веславанні.

Беларуская спартыўная драма пра акадэмічнае веславанне адкрые кінафестываль «Лістапад»
Фота: сацстекі кінастудыі “Беларусьфільм”.

«Вельмі ганаруся тым, што з’яўляюся часткай беларускай культуры. Сёння мы здымаем не проста фільм, гэта — беларуская гісторыя, частка этнічнай спадчыны», падкрэсліў ён.

У кіно будуць выкарыстаны кадры, знятыя на 16-міліметровую кінаплёнку.

Мінскі кінафестываль «Лістапад» пройдзе ў Мінску з 31 кастрычніка па 7 лістапада пад слоганам «Гісторыя, якая мяняе погляд». У рэспубліканскі пракат «Пераломны момант» выйдзе з 27 лістапада.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.

Апошнія навіны