Беларусу забаранілі ўезд у Польшчу і краіны Шэнгенскай зоны, але ён прыдумаў спосаб абысці забарону. Схема дзейнічала два гады, пакуль яго не затрымалі, піша Słowo Podlasia.
Калі беларусу Руслану Б. забаранілі ўезд у Польшчу і Шэнген, ён узяў прозвішча маці, атрымаў новы пашпарт і працягнуў падарожнічаць. З лютага 2024 года па студзень 2026 года ён здзейсніў дзясятак паездак праз пункт пропуску ў Тэрэспалі і варшаўскі аэрапорт.
Урэшце беларуса затрымалі. Суд над ім прайшоў у раённым судзе Бяла-Падляскі. 41-гадовага мужчыну прызналі вінаватым у шматразовым незаконным перасячэнні дзяржаўнай мяжы з выкарыстаннем падману. Суд расцаніў усе паездкі мужчыны як адно працяглае злачынства.
Беларуса прысудзілі да 6 месяцаў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на два гады. У выпадку паўторнага парушэння ён сутыкнецца з сур’ёзнымі наступствамі.
