Анжаліка Борыс пра Пачобута: Анджэю за ўсе гэтыя гады ніхто ніколі нічога не прапаноўваў

Навіны
Анджей Почобут и Анжелика Борис. Фото: Reform.by

(абноўлена, дададзены каментар Франака Вячоркі) Былая палітвязынка і актывістка Саюза палякаў Анжаліка Борыс пракаментавала сітуацыю з адсутнасцю Анджэя Пачобута сярод вызваленых і высланых сёння з Беларусі палітвязняў.

“Вельмі прашу журналістаў не спекуляваць адносна Анджэя Пачобута. Я асабіста глыбока шкадую і спадзяюся на яго вызваленне. Анджэю за ўсе гэтыя гады ніхто ніколі нічога не прапаноўваў — ніякіх просьбаў аб памілаванні, якія ён мог бы напісаць. Таксама не ішла гаворка пра яго выезд з Беларусі (у самым пачатку мы з Анджэем адмовіліся ад выезду). Потым ніякіх прапановаў не было, проста Анджэй не ўваходзіў у спіс беларускай апазіцыі, бо ён з’яўляецца прадстаўніком польскай меншасці.

Я вельмі рада, што людзі на волі. Жадаю ўсім моцнага здароўя і сілаў”, — напісала яна ў сваім блогу ў Facebook.

Reform.news папрасіў галоўнага дарадцу Святланы Ціханоўскай Франака Вячорку пракаментаваць папрок, выказаны Анжалікай Борыс.

“Анджэй Пачобут быў у кожным нашым спісе — і агульным, і прафесійным. І мы, і саюзнікі, і ЗША, а ў першую чаргу Польшча і польскі ўрад — змагаліся за Пачобута. Праблема на баку Лукашэнкі, які не хоча адпускаць Пачобута”, — патлумачыў ён.

***
Анжаліка Борыс была затрыманая ў сакавіку 2021 года. У дачыненні да яе распачалі крымінальную справу паводле артыкула 130 КК аб распальванні варожасці. Праз год яна была вызваленая з СІЗА і пераведзеная пад хатні арышт у дом яе маці ў Горадні. У красавіку 2023 года СМІ паведамілі, што Анжаліку Борыс разам з маці выклікалі ў Мінск. У беларускай сталіцы ёй уручылі пастанову аб спыненні крымінальнай справы за адсутнасцю складу злачынства. Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што нібыта «амніставаў і памілаваў» Борыс. Яна застаецца ў Беларусі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.

Апошнія навіны