У канцы студзеня і ў лютым 2026 года лінія фронту маскоўска-ўкраінскай вайны прыкметна не змянілася.
Пры гэтым украінскія войскі, у асноўным працягваючы стратэгічную абаронную аперацыю, здзейснілі шэраг паспяховых контрудараў у паўднёвай частцы фронту.

Разгледзім найважнейшыя падзеі мінулых 30 дзён, адзначаючы захаваныя і новыя тэндэнцыі, звязаныя з вайной Украіны супраць маскоўскіх акупантаў.
Агульнае становішча на фронце
Люты характарызаваўся ў цэлым рэзкім запаволеннем прасоўвання маскоўцаў.
«Пяты год вайны пачаўся дрэнна для Масквы. Нядаўнія поспехі Украіны на полі бою абвяргаюць заявы РФ, што чым даўжэй Кіеў супраціўляецца, тым горшымі будуць умовы для Украіны. На пяты год пуцінскай вайны РФ не дасягнула ніводнай першапачатковай мэты, церпіць няўдачы і нясе ўсё большыя страты», — адзначаюць аналітыкі Інстытута вывучэння вайны.

Украіна адбіла ў лютым контрудары РФ па вызваленым у канцы 2025 года Купянску (Харкаўская вобласць) і правяла паспяховыя контратакі ў Днепрапятроўскай і Запарожскай абласцях — пад Аляксандрыўскай і Гуляйполем. У цэлым за люты ў гэтых дзвюх абласцях удалося вызваліць 165 квадратных кіламетраў тэрыторыі, і хаця гэтыя контратакі наўрад ці перарастуць у маштабнае контрнаступленне, яны зрываюць планы акупантаў і знясільваюць іх рэзервы.
Наступленне РФ у Данецкай вобласці
Маскоўскія войскі, відаць, цалкам або практычна цалкам узялі пад кантроль гарады Пакроўск і Мірнаград у Данецкай вобласці. Баі за гэтыя гарады працягваліся больш за год.
Як мы прагназавалі яшчэ два месяцы таму, паступова пагроза забеспячэнню ўкраінскіх войскаў у Пакроўску і Мірнаградзе стала крытычнай, і камандаванню ВСУ давялося аддаваць загад абаронцам на адступленне. Хутчэй за ўсё, у Пакроўску і Мірнаградзе ўжо няма ніводнага ўкраінскага вайскоўца, хаця і войскі РФ у іх не могуць адчуваць сябе там спакойна з-за агнявога ўздзеяння ВСУ.

Войскі РФ паступова падыходзяць да буйной гарадской агламерацыі — гарадоў Славянск і Краматорск, мяжы паміж якімі фактычна не існуе. Калі ў 2026 годзе РФ будзе штурмаваць гэтыя гарады, баі тут могуць стаць ледзь не найбуйнейшай і самай кровапралітнай аперацыяй РФ з часу штурму Марыупаля ў 2022 годзе і Бахмута ў 2023-м.
Праблемы з папаўненнем войскаў РФ?
Са студзеня 2026 года маскоўскія войскі нясуць страты, якія меркавана перавышаюць тэмпы найму новых кантрактнікаў, адзначае шэраг аналітыкаў. 2025 год, відаць, увогуле стаў рэкордным па стратах для УС РФ.
Акрамя таго, РФ, відаць, сутыкнулася з праблемай фінансавання гэтага найму, ды і якасць новага папаўнення пакідае жадаць шмат лепшага.
«На каго мяняць? На тых кантрактнікаў, якія цяпер ідуць. Вунь Дзмітрый Анатольевіч адчытваецца пра колькасць кантрактнікаў, я гатова, Дзмітрый Анатольевіч, прадставіць вам фота, відэа тых кантрактнікаў, якіх пастаўляюць рэгіёны, менавіта «пастаўляюць», бо зверху ідуць лічбы, колькасцю галоўнае адчытацца, а тое, што гэта крывы, кульгавы, з ДЦП, не важна.
План трэба выканаць. Дык вось гэтыя кантрактнікі не могуць ваяваць, яны не байцы. Яны альбо адразу 200/300 (забітыя/параненыя), альбо СПЧ (самавольнае пакіданне часці), альбо звальняюцца па катэгорыі Д, атрымаўшы мільённыя выплаты», — піша ў пакуль яшчэ не забароненым у РФ Telegram маскоўская прапагандыстка Анастасія Кашаварава.
Сродкі камунікацыі
Прыкметнай падзеяй лютага стала блакаванне Іланам Маскам па запыце Украіны неаўтарызаваных тэрміналаў спадарожнікавай інтэрнэт-сувязі «Старлінк», якія часта ўжываліся ў ВС РФ, што не маюць уласных настолькі развітых каналаў перадачы спадарожнікавых даных.

Акрамя таго, РФ сама пачала тармазіць працу мэсенджара Telegram, які шырока выкарыстоўваецца маскоўцамі, у тым ліку вайскоўцамі, зноў жа для перадачы відэа і аўдыяпаведамленняў.
Ужо цяпер многія маскоўскія вайскоўцы і калявайсковыя актывісты называюць гэта стральбой Масквы па нагах сваіх жа салдат дзеля ўзмацнення цэнзуры.
«Вайна гарадоў» і дыверсіі
З канца снежня 2025 года Масква працягвае масіраваную кампанію па знішчэнні ўкраінскай грамадзянскай энергетычнай інфраструктуры на піку зімовых маразоў. Тысячы жылых дамоў засталіся без святла, цяпла і вады, што пагражае сур’ёзнымі хваробамі і смерцю сотням тысяч гараджан.
Украіна адказвае ўдарамі па энергетыцы горада Белгарада, размешчанага паблізу ўкраінскай мяжы, відавочна, каб прымусіць Маскву да «энергетычнага перамір’я», аднак пакуты грамадзян РФ наўрад ці прымусяць Пуціна перастаць забіваць грамадзян Украіны. Акрамя таго, Украіна працягвае атакаваць нафтабазы і нафтаперапрацоўчыя заводы РФ.
Важнай падзеяй лютага стала спроба ліквідацыі ў Маскве генерал-лейтэнанта Уладзіміра Аляксеева, першага намесніка кіраўніка Галоўнага ўпраўлення Генштаба ВС РФ (экс-ГРУ). Масковец быў цяжка паранены.
20 лютага ўкраінскія ракеты «Фламінга» даляцелі да Воткінскага машынабудаўнічага завода, які вырабляе балістычныя ракеты. Спадарожнікавыя здымкі паказалі сур’ёзную шкоду будынку аднаго з цэхаў. Паведамлялася пра раненне 11 чалавек.
Наш ваенны эксперт Богдан Кухановіч вядзе «Дзённік вайны» з пачатку поўнамаштабнага ўварвання расійскіх войскаў ва Украіну.
