8 красавіка ў Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве выдавецтва «Янушкевіч» зладзіла аўтарскую сустрэчу з беларускімі літаратарамі Альгердам Бахарэвічам і Юляй Цімафеевай. Вядомая пара творцаў прыехала ў сталіцу Польшчы з Германіі праз тыдзень пасля Ляйпцыгскай кніжнай выставы, дзе Альгерд Бахарэвіч атрымаў Ляйпцыгскую кніжную прэмію еўрапейскага паразумення за раман «Сабакі Эўропы».
Мадэратаркай сустрэчы была літаратуразнаўца Марына Казлоўская, якая распытала Альгерда Бахарэвіча пра прызнанне беларускай літаратуры, Беларусь як Еўропу, а Юлю Цімафееву — пра яе новую кніжку «Кровазварот», якая мусіць выйсці ў выдавецтве «Янушкевіч» неўзабаве.

Адно з самых чаканых пытанняў да аўтара «Сабакаў Эўропы» было пра прызнанне беларускай літаратуры. Марыя Казлоўская нагадала, што ў сваёй кнізе «Папяровы голем» Альгерд Бахарэвіч адзначаў, што беларуская літаратура нікому не цікавая на захадзе. Як тады быць з Ляйпцыгскай кніжнай прэміяй — адной з найважнейшых літаратурных прэмій у Еўропе, якую толькі атрымаў пісьменнік?
— Сапраўды, у «Папяровым големе» я напісаў, што беларуская літаратура нікому на захадзе не цікавая. Я паўтараў гэта гадамі, жывячы ў нямецкамоўных краінах, што мы цікавыя толькі як ахвяры альбо як сведкі, — адказаў літаратар. — Але я заўсёды яшчэ і тлумачыў, што маю на ўвазе.
Мы цікавыя як ахвяры, бо ад усходнееўрапейскай літаратуры на захадзе чакаюць, што мы будзем скардзіцца. Мы будзем расказваць, які мы няшчасны народ, рэпрэсіі, дыктатура ўвесь час. Апынаючыся на захадзе, мы заўсёды пачынаем расказваць пра сябе, і вельмі рэдка цікавімся, як жа жывуць іншыя, як жывуць людзі ў краінах, у якія мы прыязджаем. Няўжо яны напраўду шчаслівыя і свабодныя ў параўнанні з намі.
Або мы існавалі як сведкі, — працягнуў Альгерд Бахарэвіч. — На захадзе існавала пэўнае прызнанне беларускай і ўсходнееўрапейскіх літаратураў, але гэта прызнанне хутчэй грунтавалася на прызнанні нашай дакументалістыкі. Скажам, Нобелеўскай прэміі Святланы Алексіевіч. Няздарма гэта прэмія была ўручана не за раман, не за паэзію па-беларуску альбо па-расейску, гэта была прэмія за дакументальныя творы. І ад нас чакалі, што як сведкі аўтарытарызму, сведкі рэпрэсіяў мы будзем расказваць пра свой досвед.

Я напісаў гэта ў «Папяровым големе», калі яшчэ нічога не ведаў пра Ляйпцыгскую кніжную прэмію, прызнанне, я бы і сёння змог гэта паўтарыць. Мы нікому не цікавыя на захадзе, мы цікавыя толькі як ахвяры і як сведкі.
Але дзесяцігоддзямі я, іншыя беларускія аўтары змагаліся за тое, каб быць цікавымі на захадзе не толькі як пісьменнікі, якія ўвесь час скардзяцца, увесь час апісваюць нейкія жахі. Найперш мы павінны быць цікавыя як творцы, як чараўнікі, стваральнікі сусветаў, як людзі, якія могуць сапраўды штосьці прыўнесці ў вялікую еўрапейскую літаратуру. Для мяне заўжды было прыніжальна, ганебна, што я з Беларусі і значыць я мушу адпавядаць нейкім стэрэатыпам. Беларускі пісьменнік прыязджае на захад, ну, раскажы нам там…
Але літаратура — заўсёды штосьці большае, чым звычайныя сведчанні, літаратура нешта большае за скаргу. Калі ты мастак і адчуваеш сябе мастаком, то мусіш заўсёды змагацца за сваю бачнасць, за сваю чутнасць, і фактычна гэта прэмія — маленькая, але важная перамога ў гэтым змаганні. Нарэшце, я прыйшоў да таго, што мяне ўспрынялі не як ахвяру, не як сведку, мяне ўспрынялі як пісьменніка роўнага нямецкім, польскім і іншым еўрапейскім пісьменнікам. Гэта вынік вельмі доўгага шляху, вельмі ўпартага змагання.
Я хачу, каб вы разумелі, што беларуская літаратура не была цікавая на захадзе не таму, што яна слабая, нудная, не цікавая, ці як аднойчы напісала адна крытык — бяскрылая літаратура. Яна была нецікавая, таму што яна беларуская. Уявіце сабе гэту сітуацыю — звычайны нямецкі чытач адмаўляўся нават разгарнуць беларускую кнігу, бо яна — беларуская. Ад Беларусі ніколі не чакалі нічога творчага, нічога новага, але цяпер адбыўся гэты пералом ва ўспрыманні, у свядомасці — і «Сабакі Эўропы» чытаюць не як скаргу, не як сведчанне. Яе чытаюць як раман.

Альгерд Бахарэвіч узгадаў Томаса Вайлера — перакладчыка «Сабакаў Эўропы» з беларускай мовы на нямецкую і падкрэсліў, што без яго працы нічога не адбылося б.
Таксама ён нагадаў, што Томас Вайлер атрымаў Ляйпцыгскую кніжную прэмію на выставе за пераклад з беларускай на нямецкую кнігі Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Уладзіміра Калесніка «Я з вогненнай вёскі…».
— Уявіце сабе, чатыры галоўныя прэміі Ляйпцыгскага кніжнага кірмаша, і дзве з іх — роўна палова — дастаюцца за беларускія кніжкі. Такога не было ніколі ў гісторыі прэміі, такога не было ў гісторыі нямецкай літаратуры, нямецка-беларускіх сувязяў. Гэта наш кірмаш атрымаўся! Нягледзячы на тое, што галоўным госцем кірмаша была Нарвегія, я лічу, што сапраўды галоўным госцем кірмаша была Беларусь! — не хаваў сваіх эмоцый аўтар.
Ахвотна паразважаў Альгерад Бахарэвіч і на пытанне Марыны Казлоўскай пра Еўропу. Што такое для Альгерда Бахарэвіча Еўропа?

Пісьменнік адказаў, што для яго Еўропа — Беларусь. Заўжды была і ёсць.
— Для нас сёння важная рэдактура бачання. Калі мы чуем, жывячы ў еўрапейскіх краінах, што Беларусь — гэта не Еўропа, мы мусім заўсёды не маўчаць, а папраўляць: «Беларусь — гэта Еўропа». Мы страшна параненыя гэтай моўнай блытанінай, і задача нас як еўрапейцаў вярнуць сапраўднае значэнне гэтага слова, — паведаміў пісьменнік.
— Чым у прынцыпе займаецца Лукашэнка ў Беларусі? Ён таксама змяняе мову. Ён праз мову ўплывае на свядомасць людзей — калі людзі чуюць скажоныя словы, калі да іх трапляюць скажоныя значэнні. І літаратура тут можна штосьці змяніць. Калі мы чытаем беларускую кнігу, мы фактычна вяртаем гэтым сабе сапраўднае значэнне словаў. Калі мы слухаем беларускія песні, калі размаўляем паміж сабой на беларускай мове, — то гэта ўвесь час супраціў, — падзяліўся літаратар.
Марына Казлоўская папрасіла распавесці пра новую кнігу Юлю Цімафееву — якім чынам новы зборнік «Кровазварот» звязаны з паняццем «свайго месца».
— Нам вельмі часта задаюць пытанне пра выгнанне, і адно з іх — пра стратэгію выжывання, — распавяла аўтарка паэтычных зборнікаў «Цырк», «ROT», дакументальнай кнігі «Мінскі дзённік». — Як мы выжываем, як знаходзім паразуменне з тым кантэкстам, у якім аказваемся? Вось мы жывем з Альгердам у Нямеччыне, і падаецца, што гэта можа быць нейкая чужая краіна. Але мне цягам гэтых гадоў хацелася адчуць яе сваёй. Якім чынам я спрабую гэта рабіць у сваёй кнізе? Звязваю яе са сваёй сямейнай гісторыяй.
— Я паходжу з вёскі, і вяскоўцы вельмі часта прывязаныя да свайго дома, — працягнула расповед Юля Цімафеева. — Нам падаецца, што людзі ў вёсцы стагоддзямі жывуць на адным і тым жа месцы. Але калі мы паглядзім назад, то вельмі часта апынаецца, што вялікая гісторыя выганяла маленькіх людзей з іх месцаў. Першая сусветная вайна, калектывізацыя, Другая сусветная вайна, Чарнобыль… Многія з гэтых навалаў знаходзілі адбітак на гісторыі маёй уласнай сям’і.

Напрыклад, мой дзядуля, бацька майго бацькі, шаснаццацігадовы, быў выгнаны са сваёй вёскі ў Нямеччыну. Ён там быў прыгонным, фактычна рабом. Ён знаходзіўся ў невялікім горадзе, і я знайшла інфармацыю пра той нямецкі горад, і мы з Альгердам туды з’ездзілі — паглядзелі, што гэта за месца.
Сястра майго іншага дзеда таксама была выгнана на працы са сваёй зямлі ў нямецкую маленькую вёску. Мы з Альгерадам таксама знайшлі і наведалі гэта месца — мы не пабачылі там ніводнага жывога чалавека. Толькі нейкія трактары стаялі і чакалі сваіх гаспадароў…
Што здарылася з маімі роднымі? Бабуля, якую я згадваю, апынулася ў Канадзе, яна пражыла там усё жыццё. А мой дзядуля, як можна здагадацца, вярнуўся ў Савецкую Беларусь.
А яшчэ ёсць досвед Чарнобыля, — у выніку катастрофы мая сям’я была выселеная са свайго месца ў зусім іншую вёску.
У сваёй кнізе я спалучаю разам гэтыя досведы, пішу пра тое, што гэта значыць — пазбавіцца свайго дому. У гэтай кнізе вельмі шмат месцаў — тых, якія змянялі мы з Альгердам падчас выгнання, альбо мы ездзілі ў гарадкі, вёскі, дзе былі мае родзічы. Таксама я ўзгадваю тыя месцы, дзе нарадзілася мая сям’я — бабулі, дзядулі, і гэтак далей.
Па сутнасці, гэта мая спроба напісаць дакументальную кнігу, але паэтычнай мовай. У кнізе, у тым ліку, я выкарыстоўваю лісты сваёй бабулі з Канады, якія яна пачала пісаць з 1950-х гадоў і пісала да сваёй смерці ў пачатку 2000-х. Яны захаваліся, бо штосьці значылі для сям’і. Гэтыя лісты прывезлі з вёскі, якая засталася ў Чарнобыльскай зоне.
Юля Цімафеева анансавала, што выхад зборніка «Кровазварот» чакаць у выдавецтве «Янушкевіч» у траўні.
Напрыканцы сустрэчы адбылася аўтограф-сесія Альгерда Бахарэвіча і Юлі Цімафеевай.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram